Калеснікаву са штабу Бабарыкі перадумалі выклікаць у Генпракуратуру


У Генеральную пракуратуру Беларусі выклікаюць адну з кіраўніц штабу Віктара Бабарыкі Марыю Калеснікаву. Фота позвы публікуе тэлеграм-канал «Типичная Беларусь».

Паводле дакументу, Марыю Калеснікаву выклікалі 16 ліпеня да 11:00.

Прычыны выкліку не ўдакладняецца. Робіцца гэта «ў межах рэалізацыі заканадаўства пра прафілактыку правапарушэнняў».

Як стала вядома карэспандэнтам belsat.eu, сустрэчу з Калеснікавай у пракуратуры ў апошні момант перанеслі на іншы дзень. Пакуль невядома, на які.

Абноўлена
Штаб Віктара Бабарыкі заклікаў беларусаў усё роўна браць удзел у выбарах 9 жніўня
2020.07.14 17:05

Пасля адмовы ў рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты каардынатарка штабу Марыя Калеснікава заклікала беларусаў узяць удзел у галасаванні 9 жніўня. На яе думку, застацца дома – гэта значыць прагаласаваць за Лукашэнку. Паводле яе, кожнаму беларусу варта прыходзіць на выбарчыя ўчасткі і галасаваць «за любога кандыдата, якога ён лічыць годным».

Марыя Калеснікава лічыць, што цяпер большасць беларусаў супраць дзейнай улады. «Дзень выбараў гэта як раз той дзень, калі беларускае грамадства можа паказаць, што ўлада знаходзіцца ў меншасці», – заявіла яна. Маўляў, калі ўсе беларусы 9 жніўня аддадуць свае галасы за альтэрнатыўных кандыдатаў, то ўлада не атрымае на выбарах электаральную большасць і тады будзе прызначаны другі тур. І што «волю народа немагчыма сфальсіфікаваць».

Калеснікава таксама заявіла, што асабіста яна 9 жніўня прагаласуе «супраць усіх».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў