«І мяне палічылі». Навошта Беларусі перапіс насельніцтва?


Перапіс насельніцтва дазваляе атрымаць унікальныя звесткі, якія можна выкарыстоўваць наступныя 10 гадоў. Гэтак патлумачыла падчас сустрэчы 24 верасня ў «Press Club Belarus» неабходнасць яго правядзення намесніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Жанна Васілеўская.

Убачыць нябачнае

Hавiны
Перапіс-2019: чаму сацыёлагі баяцца рэлігіі і навошта пазначаць беларускую мову роднай?
2019.08.23 10:38

Выступоўца адзначыла, што наяўныя базы звестак не даюць усёй неабходнай інфармацыі, паведамляе карэспандэнт belsat.eu. З дапамогай іх, не магчыма даведацца дакладную колькасць людзей, якія ў іх сем’і, дзе яны працуюць і якую адукацыю маюць, да якой нацыянальнасці належаць.

З дапамогай перапісу, у прыватнасці, можна вывучыць сітуацыю з людзьмі, якія жывуць разам, але афіцыйна не зарэгістравалі свае стасункі.

«Як адсачыць супольнае пражыццё? У рэгістры гэта адзінокія людзі, якія жывуць асобна, але фактычна яны жывуць разам, вядуць гаспадарку, гадуюць нават часам трох дзяцей. Трэба ісці ў нагу з выклікамі часу», – заявіла прадстаўніца Белстату.

Папярэдзіць дэмаграфічныя правалы

У апытанне ўключаныя менавіта тыя пытанні, якія плануецца пасля сапраўды выкарыстоўваць на практыцы. Пры гэтым, падкрэсліла Жанна Васілеўская, беларускія пытанні «меркнуць у параўнанні з пытаннямі, якія ўключае Канада і Ірландыя».

Таксама перапіс дазваляе адсачыць дынаміку зменаў. Напрыклад, папярэдні перапіс 2009 года выявіў праблему старэння насельніцтва, павелічэнне ўзросту жанчын пры нараджэнні першага дзіцяці і тое, што сярэдні памер беларускай сям’і складаў толькі 1,6 чалавек.

«Гэта трэба ўбачыць і зразумець, і папярэдзіць дэмаграфічныя правалы, якія з’яўляюцца ў краіне», – сказала прадстаўніца Белстату.

У выніку пасля перапісу былі прынятыя праграмы дэмаграфічнай бяспекі, здароўя і падтрымання сем’яў.

Таксама на звестках перапісу базуюцца генеральныя планы гарадоў, у тым ліку будаўніцтва дамоў, інфраструктуры, дарог, азеляненне. Улічваюцца яны і пры размеркаванні рэгіянальных бюджэтаў.

Кампанія «Беларускамоўны»

Прадстаўніца Белстату адзначыла, што ўдзельнікаў перапісу не будуць пытаць, якую мову яны лічаць роднай. У іх будзе магчымасць адказаць толькі, якую мову яны першай засвоілі ў дзяцінстве і якой карыстаюцца штодня.

Разам з тым Жанна Васілеўская падкрэсліла, што чалавек сам абірае, якую мову назваць і запісвацца звесткі будуць толькі з яго словаў.

Што датычыць кампаніяў, якія заклікаюць называць роднай мовай беларускую, польскую ці якую іншую, то, на думку выступоўцы, «любая кампанія мае права быць».

«Наколькі паўплывае, залежыць ад таго, як будзе праведзеная кампанія», – сказала яна.

Рэлігія перапісчыкаў не цікавіць

У адрозненні ад пытанняў нацыянальнасці і мовы, пытанні канфесійнай прыналежнасці перапісчыкаў цікавіць не будуць. Хоць пры падрыхтоўцы перапісу Белстат і кансультаваўся з прадстаўнікамі розных канфесіяў.

Як адзначыла Жанна Васілеўская, Беларусь пры правядзенні перапісу прытрымліваецца міжнародных стандартаў і рэкамендацыяў. А міжнародныя арганізацыі не рэкамендуюць уключаць пытанні канфесійная прыналежнасці ў спіс, бо яны «чуллівыя для чалавека».

FAQ

Перапіс насельніцтва пачнецца 4 кастрычніка і працягнецца да 30-га. Перапісацца можна будзе:

  • 4 – 30 кастрычніка – на стацыянарных перапісных участак (іх будзе каля 700 у Беларусі);
  • 4 – 18 кастрычніка – праз інтэрнэт дапамогай любой мабільнай прылады
  • 21 – 30 кастрычніка перапісчыкі будуць хадзіць да тых, хто не скарыстаўся папярэднімі варыянтамі

Белстат заклікае ўсіх прайсці перапіс у інтэрнэце і пасля спампаваць пасведчанне, што пацвярджае ўдзел у перапісе.

Перапісвацца трэба па адрасе пражыцця, а не рэгістрацыі.

У вайсковых казармах і інтэрнатах для сіротаў, сталых людзей і людзей з асаблівасцямі развіцця насельнікаў апішуць мясцовыя працаўнікі.

Hавiны
Белстат не бачыць праблемы ў прыцягванні настаўнікаў да перапісу
2019.09.11 08:24

У перапісчыка пры сабе мусіць быць пашпарт, пасведчанне, торба з флікерамі і лагатыпам перапісу, планшэт. Паказваць ім свае пашпарты грамадзяне не абавязаныя.

Пра іншых чальцоў сям’і могуць даваць звесткі толькі поўнагадовыя. Звесткі пра няпоўнагадовых падаюць іх бацькі.

Людзі, якія больш за год стала пражываюць не ў Беларусі і не з’яўляюцца дыпламатамі ці чальцамі іх сем’яў, не падлягаюць перапісу.

Падчас перапісу не будуць улічвацца змены, якія адбыліся пасля 0:00 4 кастрычніка, калі гэта не датычыць смерці чалавека.

Публікацыя першых звестак запланаваная на люты 2020 года, інфармацыі пра нацыянальнасць – на ліпень. Канчатковая інфармацыя будзе падрыхтаваная да ліпеня 2021 года.

Жанна Васілеўская асабліва падкрэсліла, што ўсе звесткі перапісу абязлічваюцца і захоўваюцца ва ўмовах надзвычайнай сакрэтнасці.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў