«Годнае асяроддзе», «ціхі цэнтр», «крэдыт 4,99%». Пра што недагаворвае рэклама новабудоўляў

Новабудоўлі ў Менску ў масе сваёй мала адрозніваюцца: шматпавярховыя, па 5-8 кватэр на пляцоўцы, з маленькімі дварамі і праблемамі з паркоўкамі. Рэкламшчыкам не заўсёды лёгка знайсці тое, што выгадна выдзеліць менавіта іх праект. Але заказчык патрабуе «вау-эфекту» – таму даводзіцца ўключаць фантазію, злёгку хітраваць або недагаворваць.

З яркіх прыкладаў: «У жыхароў будзе ўласны ўнутраны добраўпарадкаваны двор – з дарожкамі, кветнікамі, лаўкамі, з дзіцячай і спартыўнай пляцоўкамі. Улетку тут можна пакатацца на арэлях, прыгатаваць смачнае барбекю, а зімой разам з суседзямі стварыць навагодні казачны парк з ілюмінацыяй. Двор без машын».

Глядзім на рэндэр – і бачым, ля дома наагул няма двара. Ёсць эксплуатаваны дах над паркінгам. З «парку» тут магчымыя толькі кадкі з дрэвамі. І наўрад ці МНС узгодніць барбекю на даху.

Праект новабудоўлі ў Мінску. Ілюстрацыйнае фота: Realt.by

«Суседні» забудоўнік, ужо які стварыў транспартны калапс у дварах здадзеных дамоў, паведамляе аб багацці плоскасных парковак для жыхароў і гасцей двух ЖК, якія цяпер будуюцца. Але не ўдакладняе, што асноўны масіў будзе прадавацца – 4-5 тысяч долараў за месца для аўта пад адкрытым небам.

«Дамы ў 10-ці хвілінах ад Менскага мора!» – сцвярджае яшчэ адзін рэкламшчык дома ў Лебядзіным. Адкрываем карту, ўбіваем кропкі і бачым: 14 хвілін пешшу. І гэта не прагулачным крокам па алеі, а бадзёра, дварамі, праз бардзюры і пару пешаходных пераходаў.

Фота: «Белсат»

Пра час прыманьваюць практычна ўсё. Калі бачыце ў рэкламе «5 хвілін пешшу да метро» майце на ўвазе, што мералі па спрынтары. «Парк у пешай даступнасці» перакладаецца часцей за ўсё як «пакуль з дзецьмі і велікамі дойдзе, паспееце нагуляцца».

«Транспартная інфраструктура не адстае ад сацыяльнай: у крокавай даступнасці ад комплексу месцяцца прыпынкі шматлікіх маршрутаў наземнага транспарту» – гэта таксама з рэкламы ЖК у Лебядзіным. Мабыць, аўтары ні разу не спрабавалі выбрацца з гэтага раёну на гарадскім аўтобусе, – яны тут ходзяць раз на паўгадзіны.

Праект новабудоўлі ў Мінску. Ілюстрацыйнае фота

«Сучасны жылы комплекс у ціхім цэнтры сталіцы» – яшчэ адна спроба нацягнуць саву на глобус. Адкрываем карту – дом уздоўж загружанай васьміпалоскі, побач развязка і прамзона. Хоць за домам, якія агароджваюць раён ад усяго гэтага, напэўна не занадта шумна.

Часам здаецца, што рэклама разлічана на сляпых. «Французскае» шкленне ад падлогі да столі ў жылых пакоях – рэкламуюць у непабудаваных яшчэ дамах. Але прыкладаюць рэндэры. З іх вынікае, што такое шкленне – на лоджыях. А так – стандартныя для панэльных дамоў вакенцы.

Купляць так проста!

«Цяпер вы можаце набыць новую ўтульную кватэру падвышанай камфортнасці ў загарадным комплексе «Зялёная гавань» у крэдыт са стаўкай 4,99%!»

«Першы ўзнос за ўсё ў 10%! Спецпраграма ад банка».

Ну проста калядным рынкам Прагі, кардамонам і карыцай запахла.

Дзіўна, што чэргі не стаяць. Не стаяць, бо ёсць нюансік. Банк чалавеку з сярэднімі даходамі нават па гэтай прывабнай «спецпраграме» пазычыць у эквіваленце не больш за 20 тысяч далараў. Гэта прапанова для тых, каму не хапае на кватэру ўсяго нічога. Ну ці для тых, чые афіцыйныя даходы перавышаюць сярэднія ў 3-4 разы. Пазычыць у банка 60 тысяч долараў у эквіваленце змогуць толькі грамадзяне, чыя чыстая зарплата – вышэй за 5 тысяч рублёў.

Ілюстрацыйнае фота: Realt.by

«Для куплі патрэбны толькі пашпарт» – рэклама працяглай растэрміноўкі ў буйнога забудоўніка. Толькі дагавор будзе жорсткі – метр даражэй, аплата прывязаная да курсу еўра. Плаціць будзеце штомесяц за кватэру, якая яшчэ не пабудавана. І не факт, што будзе пабудавана без затрымкі ў год-два. Калі што здарыцца (хвароба, страта даходаў) «саскочыць» не атрымаецца – можна будзе вярнуць толькі частку ўкладзенага, і тое не хутка.

«Выгадныя цэны на старце продажаў» – наагул дзіўная фармулёўка для рынку, які падае. Зрэшты, тут рэкламшчыкі проста не ведалі, як данесці думку, што метр у сказе крыху таннейшы, чым у амаль дабудаваных дамах.

Ты гэтага варты

Гандолы, швейцары, інстаграмная лужайкі ў рэкламе больш не згадваюцца – хлусіць у такіх маштабах ўжо маветон. Але статуснасць і прыроду хочацца прадаваць, а як гэта рабіць?

«Годнае асяроддзе» – з рэкламы тапасаўскага ЖК Мантэрэй. Складана сказаць, хто купіць кватэры менавіта ў гэтым ЖК. У суседнім Алімпік парку з вядомых навасёлаў – людзі з атачэння Лукашэнкі. Недалёка ад Мантэрэя пабудаваў дом Бакіеў.

Продажам «акружэння прыроды» славіцца Дана (цяпер – ТАА «Эмірэйтс Блю Скай») і яе ЖК Парк Чалюскінцаў.

Меркаванні
«Дана Холдынгз» спыніла будаўніцтва дамоў у «Менск-Міры»
2020.11.05 11:48

Ну, неяк так у двары.

«Унікальныя панарамныя віды» – папулярны выкрут у рэкламе высотак. Але панарамныя віды адкрываюцца з вышыні 9 і вышэй паверхаў. Усе, хто купіць кватэры ніжэй, будуць назіраць хутчэй транспартную развязку, шэрыя дахі хрушчовак, чыгунку і г. д.

На эмоцыі разлічаныя і новыя назвы дамоў. Вось як гучаць «чатырохпад’ездны сяміпавярховы дом», «пяціпавярхоўка», «чатырохпавярховы аднападʼездны дом»? Іншая справа сіціхаўс, урбан-віла, або клаб-хаус.

Нагадаю, бюджэт на рэкламу ўваходзіць у кошт квадратных метраў. Таму самыя простыя – дзяржзабудоўнікі. «Шклопакеты, без рамонту, свабодная планіроўка, столі 2,65 метра». Няма бюджэту – няма і пафасу.

Наталля Літоўская/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў