«Гэта ганебна». Як у Беларусі забыліся пра ахвяраў менскага гета


Фрыда Рэйзман. Ірына Арахоўская / belsat.eu

Сутыкнуўшыся з Галакостам падчас Другой сусветнай вайны, беларускія габрэі не спазналі справядлівасці і пасля яе заканчэння. Пра гэта 27 студзеня ў размове з карэспандэнтам «Белсату» падчас форуму памяці ахвяраў Галакосту ў Менску распавяла Фрыда Рэйзман, якая доўгія гады ўзначальвае Менскую гарадскую габрэйскую дабрачынную арганізацыю «Гілф».

Калі ў 1941 годзе нацысты акупавалі Менск, Фрыдзе Рэйзман было толькі 6 гадоў. Ейны бацька, Вульф Лосік, стаў адным з кіраўніком супраціву ў Менску і заснавальнікам першага партызанскага атраду на Меншчыне імя Кутузава.

Hавiны
«Гэта цяжка згадваць». У Менску ўшанавалі ахвяраў Галакосту
2020.01.27 14:56

«У 42-м годзе, узімку, на нас наляцела Гестапа. Нехта падказаў, што бацька збірае зброю і выводзіць людзей з гета. Калі яны шукалі зброю, я здолела ўцячы. Выбегла, як стаяла ўдома. Ні валёнак, нічога не змагла апрануць. Падпольшчыкі мяне ўзялі, калі пачало цямнець. Я ўжо гэты момант не памятаю, я ўжо была замарожаная. У мяне былі замарожаныя рукі ды ногі», – кажа суразмоўца.

У партызанскім атрадзе быў і старэйшы брат Фрыды, 19 год. На ягоным рахунку – 17 узарваных эшалонаў. Другі брат загінуў у Трасцянцы, калі яму было 16 гадоў.

«Нікога не засталося ў жывых, нікога», – кажа Фрыда Рэйзман.

Аб’ектыў
Сведка Галакосту ў Шклове: «Усіх пагналі на расстрэл, я бегла за імі ўслед»
2020.01.27 14:26

Саму дзяўчынку і яе маці выратаваў беларускі селянін з Узлянаў.

«Я ў неаплатным даўгу перад гэтымі людзьмі. Ён прывёз мяне ў партызанскую зону, у вёску Парэчча [Пухавіцкі раён. – Belsat.eu]. Гэтая вёска выратавала 40 габрэйскіх дзяцей. Бедныя, падлогі земляныя. І яны нас глядзелі, вывадзілі на балоты разам з сабой», – кажа суразмоўца.

У 2000 годзе ў Парэччы быў усталяваны помнік праведнікам народаў свету.

Пятая графа

Фрыда Рэйзман распавядае, што «здорава сутыкаліся з антысемітызмам» і пры Савецкай уладзе.

Hавiны
«Ударыў аб зямлю і кінуў мёртвым у груду целаў». Успаміны вязняў Аўшвіц-Біркенаў
2020.01.27 17:00

«Я не здолела паступіць у той інстытут, у якім я больш бы карысці прынесла, – замежных моваў. Адкрытым тэкстам сказалі: нацыянальныя кадры. Мой муж быў скрыпач, займаўся ў класе адораных дзяцей разам з Лучанком [кампазітарам Ігарам Лучанком. – Belsat.eu], Смольскім [кампазітарам Дзмітрыем Смольскім. – Belsat.eu], але падчас выступаў ніхто не хацеў ісці граць пасля яго. Яго таксама не прынялі [для працягнення адукацыі. – Belsat.eu]. Згубілі скрыпача такога таленту!» – кажа Фрыда.

Паводле яе, з 1947 года ў Беларусі не было не выдадзена ніводнай кнігі пра Менскае гета, апроч тых, якія ў апошнія гады выдалі самастойна самі ахвяры пераследу: зборнікі дакументаў, успамінаў. Дзяржава ў гэтым не ўдзельнічала. Няма асобнай экспазіцыі, прысвечанай Менскаму гета, і ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны.

Фрыда Рэйзман. Ірына Арахоўская / belsat.eu

«Гэта ганебна. Загінулі грамадзяне гэтай дзяржавы. Патрыёты. І нідзе… Мне сорамна», – кажа Фрыда Рэйзман.

На развітанне яна кажа, што «народу такой дабрыні, як беларускі, нідзе няма».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў