Сведка Галакосту ў Шклове: «Усіх пагналі на расстрэл, я бегла за імі ўслед»


Нарадзінка Шклова Клара Альтшулер сёлета адсвяткавала свой 85-ты дзень нараджэння. Жанчына не любіць згадваць таго, што перажыла ў дзяцінстве. Клары было ўсяго 5 гадоў, калі Шклоў занялі немцы. Усіх габрэяў, якія засталіся ў горадзе, сагналі ў гета. Туды трапіла і сям’я Альтшулер.

«Не выпускалі, вось так кідалі батон хлеба і ваду ставілі. Гэты бітон такі вялікі. Ну, з тыдзень, напэўна, мы там былі. І крычалі, і плакалі, дзеці і ў туалет тут жа хадзілі. У гэтым жа пакоі», – кажа Клара Альтшулер.

Адно шклоўскае гета было каля тагачаснай вёскі Рыжкавічы, а другое – у сценах ільнозаводу. Комплекс захаваўся і выкарыстоўваецца дасюль.

«Не толькі мясцовыя жыхары, магчыма, сюды прывозілі таксама габрэяў і з суседняга Магілёва. Тут яны пэўны час знаходзіліся, пакутавалі, а потым адбываліся расстрэлы. Масавыя расстрэлы гэтых людзей. У наваколлі, бліжэй да Дняпра ў равах, каторыя там знаходзіліся», – каментуе краязнаўца Алесь Грудзіна.

На адзін з такіх расстрэлаў выгналі і сям’ю Клары. Кабета згадвае, як габрэяў гналі па горадзе, а астатніх жыхароў прымушалі глядзець на забойства. Клару з маці ўратавалі беларусы, якія добра ведалі іхнага бацьку і таму дапамаглі жанчынам уцячы з калоны.

Клара Альтшулер узгадвае:

«Там крычалі, там абдымаліся, там плакалі. Ну і сталі страляць: каго забілі, каго не забілі. І значыць, усе падалі туды. Каго маглі, ботамі прысыпалі, і тут перакладчык кажа: «Вы тут таксама будзеце, калі будзеце іх хаваць».

Яшчэ адна сведка шклоўскага Галакосту – Ася Цэйтлін. Сёння жанчыне 91 год, а тады яна зусім дзіцём разам з бацькамі і сястрой апынулася ў расстрэльнай калоне. Дзяўчынка здолела ўцячы, а ейныя родныя – не.

«Усіх пагналі на расстрэл, я яшчэ бегла за імі ўслед, я толькі чула гукі стрэлаў, а так бачыць я ўжо не бачыла, пасля я пайшла… Зямля дыхала, але нікога не было», – кажа Ася Цэйтлін.

Людзей стралялі ў розных мясцінах, але пасля вайны парэшткі ахвяраў сабралі і перапахавалі ў адным месцы – на габрэйскіх могілках у ваколіцах Шклова. Да сёння тут захавалася старажытнае збудаванне – чысцілішча, або бэсхаім. Праз яго праходзіць Алесь Грудзіна:

«Менавіта праз гэтае збудаванне людзі габрэйскай нацыянальнасці праносілі сваіх нябожчыкаў у апошні шлях».

Менавіта тут сваякі і нашчадкі забітых усталявалі мемарыял у памяць пра Галакост. Пазней грошы на яго падтрыманне прыходзілі з Ізраілю і ЗША. У мемарыял уваходзіць некалькі брацкіх магілаў, на плітах пазначаныя дзясяткі прозвішчаў, але, вядома, усіх апазнаць не здолелі.

«Усяго па падліках навукоўца па прозвішчы Вінніца ў Шклове знішчана прыблізна 6 тысяч людзей габрэйскай нацыянальнасці», – распавядае Алень Грудзіна.

Хаця ў Шклове жылі крыху больш за 2 тысячы габрэяў, што складала 27 % насельніцтва гораду. Апошнія сведкі Галакосту ў Шклове – спадарыні Ася і Клара – страцілі сваіх родных, прайшлі праз голад, холад і… выжылі.

«Было страшна, але ніхто не ведаў, што я габрэйка, я прадставілася, што я беларуска», – дзеліцца ўспамінамі Ася Цэйтлін.

«Увесь час баялася, калі мы ішлі з маці хлеб прасіць, яна казала, цябе запытаюць, запытае хто-небудзь, ты – савецкая дзяўчынка», – сведчыць Клара Альтшулер.

Пасля вайны і Ася, і Клара засталіся жыць у Шклове, але большасць габрэяў з’ехала, у тым ліку і за мяжу. І сёння ў былым габрэйскім мястэчку габрэяў можна пералічыць па пальцах адной рукі.

Вольга Васільева belsat.eu