«Гэта цяжка згадваць». У Менску ўшанавалі ахвяраў Галакосту


Падчас форуму памяці ахвяраў Галакосту ў Менску.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

27 студзеня ў Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў (IBB Minsk) адбыўся форум «Праблемы талерантнасці ў сучасных супольнасцях» з удзелам еўрапейскіх дыпламатаў, прадстаўнікоў розных канфесіяў, былых вязняў канцэнтрацыйных лагераў і дзяцей вайны.

Як адзначыў ва ўступным форуме старшыня дырэкцыі IBB Minsk Віктар Балакіраў, мэты форуму памяці ахвяраў Галакосту – высветліць прычыны і формы ксенафобіі, антысемітызму ды расізму, а таксама абмеркаваць метады барацьбы з імі. Паводле яго, мэтанакіраваная адукацыйная праца павінна дапамагчы сфармаваць культуру папярэджання, каб пазбавіцца ад ксенафобіі, сфармаваць магчымасць супрацы людзей розных народаў і канфесіяў.

Былыя ахвяры гета і канцэнтрацыйных лагераў.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

У сваю чаргу Барыс Герстэн, намеснік Звязу беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамадаў, адзначыў, што Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту – Дзень трагедыі габрэйскага народу – упершыню адзначаецца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні.

Выступоўца заклікаў да талерантнасці – прыняцця асаблівасцяў людзей іншага народу, іншай мовы, іншага колеру скуры, іншых звычак.

Падчас форуму памяці ахвяраў Галакосту.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

«Мы павінны разумець адно аднаго. Не толькі разумець, але і паважаць», – адзначыў Барыс Герстэн.

Паводле яго, «навучыцца цярпімасці нашмат складаней, чым навучыцца ненавідзець».

Барыс Герстэн падкрэсліў, што Галакост – гэта не трагедыя 6 млн чалавек, а 6 млн трагедыяў, «трагедыя кожнага забітага, кожнага, хто страціў сям’ю, кожнага, хто нарадзіўся пасля».

Адной з выступоўцаў на форуме была каардынатарка ААН у Беларусі Ёанна Казана-Вісьнёвецка.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

«Габрэйскае пытанне стала сёння прычынай супрацьстаяння розных дзяржаваў. Амаль 80 гадоў [мінула. – Belsat.eu], але сёння мы працягваем вінаваціць адзін народ, другі народ. Але прайшлі пакаленні. Вінаваціць сённяшніх хлопцаў і дзяўчат у тым, што зрабілі іх продкі, напэўна, бессэнсоўна, але памятаць тых, хто загінуў, – наш абавязак», – дадаў намеснік старшыні Звязу беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамадаў.

Сталая каардынатарка ААН у Беларусі Ёанна Казана-Вісьнёвецка падкрэсліла, што сёння дзень памяці адбываецца на фоне трывожнага росту антысемітызму ў свеце: нападу на сінагогу ў ЗША, апаганьвання габрэйскіх могілак у Еўропе.

Рабін Грыгорый Абрамовіч.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

«Шматвекавая нянавісць узмацняецца», – працытавала яна генеральнага сакратара ААН.

Прадстаўніца Арганізацыі аб’яднаных нацыяў заклікала да неабходнасці павышэння талерантнасці і ўзаемапавагі, але не толькі ў дачыненні да габрэяў, але і іншых уразлівых групаў насельніцтва». Паводле яе, змагацца з мовай нянавісці ды дыскрымінацыі мусіць кожны.

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр выказаў «глыбокі сорам перад абліччам варварскіх злачынстваў, учыненых тут [у Беларусі. – Belsat.eu] немцамі, злачынстваў, якія выходзяць за межы разумення». Паводле яго, хоць усведамленне злачынстваў нацыстаў стала часткай нацыянальнай ідэнтычнасці немцаў, сёння ў Нямеччыне шырацца новыя праявы антысемітызму.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Аляксандр Апімах.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Манфрэд Хутэрэр падкрэсліў, што антысемітызм з’яўляецца пагрозай дэмакратыі ды плюралізму. Таму Нямеччына імкнецца ўмацаваць еўрапейскую супрацу для барацьбы з антысемітызмам, дадаў дыпламат.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Аляксандр Апімах у сваім выступе адзначыў, што ўсё часцей свет сутыкаецца з праявамі нацыяналізму, спробамі перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны ды адмаўлення Галакосту. Ён выказаў гатоўнасць Беларусі змагацца з усімі праявамі расізму, ксенафобіі, антысемітызму.

Аляксандр Апімах заклікаў да адказных дзеянняў усіх неабыякавых людзей, каб трагедыя Галакосту не паўтарылася.

«Талерантнасць не павінна асацыявацца з абыякавасцю. Талерантныя – гэта тыя, хто можа адстаяць правы свае і правы іншых», – заявіў ён.

Якаў Краўчынскі быў сярод вязняў Менскага гета.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Былы вязень Менскага гета, дзе загінула больш за 80 тыс. чалавек, Якаў Краўчынскі ў сваім выступе пажадаў, каб трагедыя Галакосту «больш ніколі не паўтарылася, каб больш людзі не даведаліся, што такое загон, як для быдла, што такое голад, жахі».

«Гэта цяжка згадваць», – дадаў ён.

Амбасадары Вялікай Брытаніі, Ізраілю, Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Расеі, Украіны, Еўразвязу, прадстаўнікі амбасады ЗША, ААН прынялі ўдзел у памятнай цырымоніі запальвання свечак. Пасля чаго прысутныя ўшанавалі памяць памерлых хвілінай маўчання.

Урачыстая цырымонія запальвання свечак.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту ўсталяваны Генеральнай Асамблеяй ААН 27 студзеня, бо менавіта ў гэты дзень 1945 году быў вызвалены канцлагер Аўшвіц у Асвенціме. За час яго існавання там загінулі больш за 1 млн габрэяў. Паводле розных ацэнак, на беларускай тэрыторыі падчас акупацыі нацыстамі загінула больш за 700 тыс., або каля 90 % габрэйскага насельніцтва, якоя жыло тут да вайны.

Арганізатарамі форуму «Праблемы талерантнасці ў сучасных супольнасцях» выступаюць МГА «Узаемаразуменне», Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёганэса Раў (IBB Minsk), Юдэйскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь, Рэлігійнае аб’яднанне грамадаў прагрэсіўнага юдаізму, Звяз беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і грамадаў, Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, Музей гісторыі ды культуры габрэяў Беларусі.

Дыпламаты, якія бралі ўдзел у цырымоніі запальвання свечак.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

МГ, фота Ірыны Арахоўскай belsat.eu

Стужка навінаў