Геній ноты. Памёр народны артыст СССР Ігар Лучанок

Няма краіны, якая надала Лучанку званне народнага. Няма партыі, якой ён верыў. Не будзе шматлікіх песень, якія былі напісаныя ім сумленна і таленавіта, – але да гадавінаў, якія наўрад ці ўжо будуць адзначаць. А памяць аб ім застанецца.

Такі лёс пакалення, да якога ён належаў. Гэтыя людзі жылі ў бязлітасны час, што прымушаў прыстасоўвацца да меркавання кіраўнікоў, не заўсёды разбірацца ў нюансах мастацтва, але часам умелі ацаніць праўдзівы талент. Можа быць, у гэтых кіраўніках – былых партызанах, сельскіх настаўніках і загадчыках клубамі, у механізатарах і майстрах цэхаў прадпрыемстваў – жыла туга па прыгажосці, якой мала было ў іх рэальным, вельмі суровым жыцці. І калі табе шанцавала, і ты раптам ўмеў нотай, малюнкам, словам верша, інтанацыяй голасу, жэстам на сцэне абудзіць у іх гэтую тугу, – ты рабіўся пераможцам. Табе даводзілася плаціць за гэтую перамогу, часам рэалізоўваючы свае магчымасці не так, як хацелася б, не заўсёды свабодна, з аглядкай, але ты супакойваў сябе: усё дзеля мастацтва, праўда?

Праўда.

Лучанок быў вялікім майстрам, і яго ацанілі. І ягоная музыка служыла зусім не партыі – партыйныя песні ішлі дадаткам да самага важнага, пра што ён пісаў. Да кантаты на вершы Янкі Купалы «Гусляр», да вакальнага цыклу на вершы каўказскіх паэтаў «Сіні колер», да геніяльных мелодыяў на вершы Якуба Коласа, Куляшова, Багдановіча, Бураўкіна, Барадуліна, Ставера, Раждзественскага. Ён наогул быў дзівосным меладыстам, і тыя тэксты, якія ён паклаў на сваю музыку, з іншай мелодыяй ужо немагчыма ўявіць.

Яго шчодра ўзнагародзілі. Званні, прэміі, рэктарства ў кансерваторыі, ордэны і медалі, нарэшце, нязменнае з 1980 года старшынёўства ў Саюзе кампазітараў. Ён знаходзіў мову з любымі ўладамі, бо правадыры прыходзілі ды сыходзілі, а песні Лучанка працягвалі гучаць, і новы начальнік уваходзіў у свой кабінет, зачараваны Лучанком яшчэ да знаёмства з ім. Ды за адну ягоную «Алесю» Ігар Міхайлавіч навечна запісаны ў народную памяць. Як і «Песняры», у выкананні якіх гэтая песня здабыла неўміручасць.

Цяперашняе пакаленне, якое замяніла слова «застой» словам «адстой», можа быць, не зразумее, каго мы страцілі. Ім здаецца, што новы час прынёс новыя песні. Не ведаю. Мне здаецца, не прынёс. Ва ўсякім выпадку, я не чую тых песень, якія мне хацелася б спяваць самому, хоць бы напаўголасу.

У нас было шмат стратаў за апошнія дваццаць гадоў. Здабыткаў мала, а стратаў вельмі шмат.

Памерла Стэфанія Станюта.

Памёр Васіль Быкаў.

Змоўк Уладзімір Мулявін.

Не стала Рыгора Барадуліна.

Сышоў назаўсёды Леанід Левін.

Заплюшчылі вочы Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін.

Цяпер пакінуў нас Ігар Лучанок.

У жніўні Ігар Лучанок адзначыў 80-годдзе. Фота belta.by

Зеўраюць пустэчы ў беларускай нацыянальнай культуры. Калі-небудзь яны запоўняцца. Але трэба, каб падраслі новыя геніі. Трэба, каб улады перасталі патрабаваць ад беларускага мастацтва незразумелую «Вайну і мір», захапляцца партрэтамі першай асобы дзяржавы на габеленах і палотнах, а проста далі магчымасць нармальна працаваць творцам, заахвочваючы кожнага мастака не за лаяльнасць, а толькі таму, што ён сапраўды – мастак. Майстар. Творца. Хай ты яго не заўсёды разумееш – але калі мастацтва зразумела ўсім без выключэння, яно ў нейкі момант перастае быць мастацтвам. Асабліва калі малады прыкідваецца ў сваёй творчасці старым, каб дагадзіць начальніку.

А Лучанок, стары і хворы, усё роўна заставаўся маладым у кожнай сваёй ноце. Яму не трэба было для гэтага прыкідвацца. Можа, гэта ўласцівасць сапраўднага таленту.

Будзем памятаць яго.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў