29 лістапада гарадзенцы ўзгадваюць чарговую сумную гадавіну: 58 гадоў без Фары Вітаўта. Самую старажытную каталіцкую святыню ў горадзе і адну з самых старажытных у ВКЛ узарвалі савецкія ўлады ў 1961 годзе.
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў самым сэрцы старой Горадні, вядомы як Фара Вітаўта, служыў вернікам больш за 500 гадоў. На яго прыступках перад зачыненымі дзвярыма некалі маліўся святы Казімір. Пасля, ужо пры расейскай адміністрацыі, Фару вырашылі перабудаваць у праваслаўны сабор. У 1920-ых яе зноў вярнулі рыма-каталікам. Тады гатычны касцёл і стаў неад’емным сімвалам Горадні – еўрапейскага гораду з заходняю архітэктурай.
Пра архітэктурную ды гістарычную каштоўнасць Фары напісана багата, але што кажуць гарадзенцы сталага веку, якія памятаюць і велічны будынак касцёлу, і той дзень, калі ён перастаў існаваць?
«У касцёл той хадзілі яшчэ перад вайною, бацька нават спяваў там, – распавядае Зоф’я Закшэўская, 1936 года нараджэння. – У вайну немец там трымаў склады, касцёл не дзеяў. Па вайне ўжо Саветы трымалі склады. Мы ўжо не хадзілі… Памятаю, як перад выбухам цэлы дзень вакол касцёлу соўгаліся міліцыя, жаўнеры – усе. Блізка нікога не пускалі. У падмурку ж зрабілі дзіркі ды заклалі туды не ведаю што… дынаміт, пэўна!»
Паводле пані Зоф’і, рыхтаванне трывала некалькі дзён, а кіравала працэсам жанчына-інжынер з Ленінграду. Будынкі побач, на рагу Савецкай вуліцы, умацавалі драўлянымі канструкцыямі: на выпадак, калі Фара ад выбуху паваліцца на бок. Цікава таксама, што сам выбух, паводле пані Зоф’і, адбыўся не ўначы, як звычайна пішуць, а ўвечары.
«Як выбух быў, дык толькі пыл пайшоў! А касцёл сам асеў уніз. Не паваліўся ні ў які бок, але толькі падняўся крыху і ўпаў. Колькі ж там пылу было… І стаяў той пыл доўгі час. Вядома, людзі былі супраць, але ж ніхто нічога не тлумачыў. Кожны баяўся нават пару словаў сказаць, нават пар з роту выпусціць. Бо былі Саветы, яны нас і душылі, і вывозілі ў Сібір, што хацелі, тое і рабілі… Праўда, так было! Божа-божа…»
Сённяшні Фарны касцёл св. Францішка Ксаверыя, які і цяпер стаіць на Савецкай плошчы, месціўся акурат насупраць узарванай Фары Вітаўта. У тыя часы ён быў таксама зачынены і… таксама пад пагрозаю зруйнавання. Прынамсі гэтага баяліся вернікі: асабліва пасля знішчэння старой Фары. Пані Зоф’я і гэты момант добра памятае:
«Па начах хадзілі пільнаваць, ночылі там, клаліся крыжам, каб не забралі і таго касцёлу, які існуе, – сённяшняга Фарнага. Было шмат страху, але што мы маглі зрабіць, як гэты вецер мог падзьмуць у іншы бок… Фарны касцёл не дзеяў. Людзі самі адпраўлялі там службы, чыталі псалмы. Самі збіралі грошы, каб сплаціць падатак дзяржаве. Ксёндз туды прыходзіў толькі на Вялікдзень і Раство.
Цяжка, але перажылі мы ўсё гэта».
На шчасце, не ўсе элементы Фары былі знішчаныя выбухам. Падчас нямецкай акупацыі ў 1942 годзе вернікам удалося перанесці арган у сённяшні Фарны касцёл, дзе інструмент гучыць і дасюль. Некаторыя скульптуры, чашы ды абразы таксама ўдалося ўратаваць. Крыж з Фары дасюль захоўваецца ў касцёле на Шчучыншчыне.
Але ж куды пасля выбуху падзеліся сотні тонаў гатычнай чырвонай цэглы?.. За адказам мы паехалі ў колішнюю вёску Кульбакі, якая сёння ўжо ў рысе гораду. Аказалася, што савецкія будаўнікі частку цэглы звозілі акурат сюды.
«Узарвалі, а пасля пачалі вывозіць, – распавядае жыхарка вёскі Эльвіра Цітук. – Вывозілі вялікімі аўтамабілямі, пераважна ўначы. Часам вялікімі кавалкамі муроў, нават не разбітымі на асобныя цагліны. А тут збудавалі дарогу сярод поля – патрушчылі, рассыпалі, а зверху прысыпалі пяском. Пасля па гэтай дарозе танкі ездзілі…»
Грунтовая дарога сярод поля, якую нам паказала пані Эльвіра, сапраўды мае яскравае чырвонае адценне. Пясок за доўгія гады ўжо раз’ездзіўся, таму і праступіла гэтая чырвань – ад цэглы з Фары Вітаўта. Па ўзбочынах дарогі кожны ахвотны можа знайсці кавалкі цаглінаў самай старажытнай у Горадні і адной з найбольш старажытных у ВКЛ каталіцкіх святыняў.
Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў belsat.eu