Еўрапейскі парламент пераважнай большасцю галасоў ухваліў пагадненне паміж Бруселем і Лонданам пра парадак і ўмовы выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу. Пра гэта паведамляе DW.
За ратыфікацыю пагаднення 29 студзеня прагаласаваў 621 дэпутат, 49 былі супраць і 13 устрымаліся.
Ратыфікацыю пагаднення пра брэкзіт павінна канчаткова пацвердзіць Рада ЕЗ у рамках пісьмовай працэдуры, якая, як чакаецца, адбудзецца 30 студзеня.
Вялікая Брытанія павінна выйсці з Еўразвязу 31 студзеня ў 24 гадзіны па сярэднееўрапейскім часе. Да канца 2020 года яшчэ будзе цягнуцца пераходны перыяд.
23 чэрвеня 2016 года адбыўся рэферэндум, які вызначыў выхад Вялікай Брытаніі з Еўразвязу. За выхад з ЕЗ прагаласавалі амаль 52% брытанцаў. Чакалася, што краіна пакіне ЕЗ 29 сакавіка 2019 года.
Але абедзве палаты брытанскага парламента ўхвалілі законапраект аб выхадзе з Еўразвязу толькі 22 студзеня. На наступны дзень яго падпісала каралева Элізабэт ІІ.
МГ belsat.eu