Дзве мовы, тры веры. Савецкім людзям варта навучыцца разумець мову праваслаўных і каталікоў

У сувязі з паўстаннем Праваслаўнай царквы Украіны ў беларускай прэсе зʼявіліся загалоўкі кшталту «Праваслаўным беларусам забаранілі маліцца ў храмах ПЦУ», зʼявіліся інтэрнет-дыскусіі на тэму «прызнае ці не прызнае» ПЦУ Каталіцкая Царква.

Аднак яны адлюстроўваюць хутчэй непаразуменне паміж секулярызаванымі і хрысціянскімі коламі грамадства. У чым тут справа?

«Тут паблізу Масква, і Масква ў галаве»

Загаловак кажа пра «тры веры» – і ў дадзеным выпадку я, канешне, пра праваслаўных, католікаў і… ментальна савецкіх людзей.

Міхайлаўскі сабор у Кіеве, ілюстратыўнае фота. Крыніца – wikipedia.org

Бо ў значнай ступені беларускі карыстальнік інтэрнэта і журналіст, на жаль, гэта ўсё ж прадукты савецкай/постсавецкай адукацыі ці сучаснага заходняга левага мэйнстрыму, з іх супольнымі традыцыйнымі сляпымі плямамі – у прыватнасці гэта значыць, што шэраговы (пост-) савецкі інтэлігент не разумее таго, што тое Царква (Касцёл) і па якіх прынцыпах працуе гэтая супольнасць.

Такі чалавек успрымае тую ці іншую мясцовую праваслаўную царкву ці Каталіцкі Касцёл проста як канкуруючыя партыі ці «супермаркеты духоўных паслуг», што змагаюцца за аўдыторыю. Фактычна, гэта той жа прымітыўны марксісцкі матэрыялізм, які прыводзіць да неразумення дзеянняў, прыпісвання іерархам і вернікам ілжывых матывацый, а ў выніку – спараджае варожасць з абодвух бакоў.

Пакажам розніцу на прыкладзе блізкіх да нас падзеяў апошняга месяца – утварэння Праваслаўнай царквы Украіны і таго, як апісвалі некаторыя СМІ рэакцыі БПЦ і Касцёла на гэтую зʼяву.

Пытанне хутчэй юрыдычнае

Гэтак, згаданы загаловак «Праваслаўным беларусам забаранілі маліцца ў храмах Праваслаўнай царквы Ўкраіны», які распавядае быццам бы пра нейкае злавеснае рашэнне злавеснай палітыкі Беларускай Праваслаўнай Царквы, на самой справе не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю.

Беларуская Праваслаўная Царква зʼяўляецца экзархатам у складзе Расейскай Праваслаўнай Царквы МП (Маскоўскага Патрыярхату). У адрозненне ад Украінскай Праваслаўнай Царквы МП, якая зʼяўляецца самакіраванай у складзе РПЦ, БПЦ нават не абірае сабе кіраўніка – яго нашым праваслаўным прызначае Масква нават неабавязкова з ліку беларускіх біскупаў.

Такім чынам БПЦ беларускім праваслаўным нічога не забараняе. Проста юрыдычна для РПЦ новапаўсталая Праваслаўная царква Украіны – раскольнікі, а значыць вінаватыя ў цяжкім граху, бо парушаюць старажытныя кананічныя правілы, якія ідуць ледзь не з апостальскіх часоў. У выніку для БПЦ, калі РПЦ прытрымліваецца такога юрыдычна-кананічнага меркавання, усё вырашана – з «раскольнікамі маліцца нельга».

«33-е правіла Сабору ў Лаодыкіі: Нельга маліцца з ерэтыком ці адшчапенцам», – працытаваў «Белсату» прэс-сакратар БПЦ айцец Сяргей Лепін. У такіх выпадках удзельнічаць у абрадах разам было б падманам і сябе саміх, і вернікаў з ПЦУ. То бок грахом.

Айцец Сяргей Лепін. Фота sobor.by

У выніку, калі ментальна савецкія людзі бачаць у сённяшняй спрэчцы. РПЦ, ПЦУ і Канстантынопальскага Патрыярхата толькі хвілінную спрэчку за палітычны ўплыў, «актывы», «руку Пуціна» ці «руку ДзяржДэпа», яны не бачаць галоўнага – тысячагадовага грунту, на якім заснаваныя разыходжанні бакоў, духоўнага і сімвалічнага сэнсу супольнага ўдзелу ці не ўдзелу ў адных і тых жа абрадах.

Цяжка быць Рымам

Яшчэ больш дзіўна выглядаюць спробы прыцягнуць Каталіцкі Касцёл да ўнутрыправаслаўнай спрэчкі. Справа ў тым, што Каталіцкі Касцёл па вызначэнні лічыць сябе адзінай сапраўднай апостальскай хрысціянскай Царквой (Касцёлам), і для яго раскольнікі – і Канстантынопальскі Патрыярхат, і Маскоўскі Патрыярхат, і іхныя часткі БПЦ МП, УПЦ МП і ПЦУ КП, і любыя пратэстанты.

Так, Ватыкан пры гэтым імкнецца да добрых стасункаў з усімі хрысціянамі, аднак сутнасці зноў жа юрыдычна-кананічнага стаўлення Рыма да ўсіх вышэйпералічаных гэта не мяняе. Рым не ўваходзіць нават у экуменічную «Сусветную раду цэркваў», бо для Касцёла быць толькі «адным з» – адмаўляць уласныя падваліны веры.

Вышэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і мітрапаліт Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Фота – Сяргей Сацюк/Белапан

«Існуе адзіны Касцёл Хрыстовы, які знаходзіцца ў Каталіцкім Касцёле, які кіруецца Пераемнікам святога Пятра і біскупамі, якія знаходзяцца ў еднасці з ім», – гаворыцца ў дэкларацыі Dominus Iesus, якая была апублікаваная Кангрэгацыяй веравучэння яшчэ ў пантыфікат святога Папы Яна Паўла ІІ.

Якую выснову можна з гэтага зрабіць? Ды проста, каб нашыя журналісты, эксперты, каментатары і проста блогеры былі ў меншай ступені прадуктамі савецкай адукацыі ці сучасных лева-ліберальных стэрэатыпаў, каб яны разумелі, пра што яны пішуць, беларускі чытач меў бы больш якасную журналістыку і аналітыку.

А канфліктаў і непаразуменняў унутры беларускай нацыі было б меней.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў