«Дзень цішыні». Памяці Паўла Шарамета

Тры гады таму мяне разбудзіў тэлефонны званок. Тэлефанаваў Алесь Ліпай. «Добры дзень, Аляксандр Іосіфавіч. Вы не маглі б напісаць нам пра Шарамета?» І па маёй рэакцыі зразумеў, што я нічога не ведаю…

Паўла Шарамета, журналіста, аўтара дакументальных фільмаў і кніг, стваральніка сайта «Беларускі партызан», ўзарвалі ў машыне на рагу кіеўскіх вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка 20 ліпеня 2016 года. Сёння я пайду на тое скрыжаванне, каб успомніць пра яго.

Хоць мы ўсе, хто яго ведаў, працягваем яго памятаць. Мы памятаем яго хлапечую ўсмешку, раннюю сівізну, бесклапотныя інтанацыі. Нейкая вышэйшая несправядлівасць была ў тым, што быў забіты – так страшна забіты – чалавек, які верыў у жыццё і радаваўся жыццю.

Забойцаў не знайшлі. Ні выканаўцаў, ні заказчыкаў. Былы генеральны пракурор Украіны Віктар Шокін у адным з нядаўніх інтэрв’ю заявіў, што ў яго ёсць версія, хто мог забіць (гэта значыць, замовіць забойства) Паўла. У мяне таксама ёсць версія, якую я неаднаразова агучваў. Але следства маўчыць. Хоць усе ўкраінскія службовыя асобы шмат разоў казалі пра тое, што раскрыццё гэтага злачынства для іх – справа гонару.

Можа быць, таму яны яго да гэтага часу і не раскрылі. «Справа гонару» – паняцце, якое існуе для тых, у каго ёсць гонар: кажуць – значыць, раскрыюць абавязкова. А тут – не раскрылі. Не захацелі ці не змаглі – не ведаю.

Кіеў працягвае жыць мірным жыццём. Сумная гадавіна супала са сканчэннем перадвыбарнай кампаніі. 21 ліпеня – выбары ў Вярхоўную раду, 20 ліпеня – дзень, калі раздаўся той выбух, – «дзень цішыні». На тэлеканалах нарэшце перасталі выступаць кандыдаты ў дэпутаты і шматлікія эксперты, вялікая частка якіх ходзіць з аднаго тэлеканалу на іншы і добрасумленна адпрацоўвае праплочаныя і малавыразныя словы пра тое, што іх партыя ці іх кандыдат ўжо сапраўды змогуць перамагчы і ашчаслівіць Украіну і сваіх выбаршчыкаў.

Чамусьці робіцца сумна. «Дзень цішыні». Рэха выбуху не чуваць. Аскепкі даўно прыбраны. На месцы, дзе Павел паміраў, ляжаць кветкі. Пра яго памятаюць.

Любая смерць здаецца бессэнсоўнай і бязлітаснай. І страшнай. Гэтая тады здалася неверагодна страшнай. Як калі б ўзарвалі не яго, а кожнага з нас.

Стаяў ліпень, гарачы, як заўсёды ў Кіеве. Але ў грудзях раптам стала холадна.

Цяпер, праз тры гады, гэтага страху няма. Ён растаў у паветры, каб зноў згусціцца ў момант, калі каму-небудзь з ўладных людзей захочацца «замовіць» забойства. Таму што яны забіваюць таксама з-за страху. Яны, тыя пра каго мы пішам, баяцца нас больш, чым мы баімся іх. Павел наогул нікога не баяўся. Яму здавалася, што ён будзе вечным. Ён будзе расказваць пра тыя таямніцы, якія грамадства павінна было ведаць. Пра тое, што яму здавалася важным. І амаль не думаў пра сябе.

Будзем думаць пра яго мы. Будзем памятаць. Пакуль мы памятаем – ён жывы.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў