Дзень сурка. Прамовы Лукашэнкі за апошнія 15 гадоў


У красавіку-траўні кіраўнік Беларусі штогод звяртаецца з пасланнямі да Нацыянальнага сходу. Не стаў выключэннем і 2019 год. Ці моцна адрозніваюцца прамовы зместам? Мы параўналі пасланні Аляксандра Лукашэнкі за апошнія 15 гадоў.

Закляты сябар

Да пытання незалежнасці кіраўнік Беларусі звяртаецца рэгулярна. І чым вастрэйшыя стасункі з найбліжэйшым хаўруснікам, тым гучней гучыць тэма суверэнітэту. У 2004 годзе ён заяўляў пра паспешнасць правядзення рэферэндуму пра прыняцце Канстытуцыі дзвюх краін і ўвядзення расейскага рубля, адмаўляў абвінавачванні ў нахлебніцтве ды супраціўляўся продажу гігантаў прамысловасці.

«Наш суверэнітэт ніколі не з’яўляўся і не можа зʼяўляцца прадметам перамоваў», – адзначаў тады Лукашэнка.

У 2005 годзе Лукашэнка хоць і заявіў, што наша краіна заставалася «адзіным надзейным партнёрам і саюзнікам Расейскай Федэрацыі», заклікаў не рабіць «неабдуманыя крокі».

«Навошта нам сёння даваць нагоду, заяўляць пра тое, што мы больш не дзяржава і здаем свой суверэнітэт?», – казаў Лукашэнка.

Але жарсці ўлягліся і пра пагрозу суверэнітэту кіраўнік дзяржавы забыўся – да 2010 года, калі адносіны з Расеяй зноў разладзіліся.

«Сёння пастаўленае пытанне: мы будзем суверэннай і незалежнай дзяржавай з гордым народам беларускім, які заслужыў гэта – быць гордым, або мы і далей будзем поўзаць перад кімсьці на каленях?», – задаваўся пытаннем ён.

Але пасля 19 снежня 2010 года і рэзкага пахаладання стасункаў з Захадам, Расея зноў стала самым блізкім сябрам. Да Крыму. І ў 2014 годзе кіраўнік Беларусі зноў загаварыў пра пагрозу суверэнітэту. Далей – больш. Заяўляючы праз год пра шчыльныя стасункі з Расеяй, Лукашэнка адзначаў, што нават самыя блізкія сябры, браты, сёстры і іншыя хочуць жыць у асобнай кватэры.

Пра неабходнасць адстаяць свой суверэнітэт заяўляў ён і ў 2016 годзе, а ў 2017-ым нават назваў яго святым:

«Калі хтосьці на гэта паквапіцца, мы выкарыстаем усю моц нашай дзяржавы».

Фактычна гэтыя ж словы ён прадубляваў і сёлета, паабяцаўшы наймагутнейшы адказ таму, хто «асмеліцца знішчыць Беларусь».

Аб’ектыў
Лукашэнка абвесціў, калі адбудуцца выбары, і выказаўся адносна заробкаў, коштаў, бізнесу, спорту, рэлігіі і моўнага пытання
2019.04.19 22:14

Вельмі мяккая беларусізацыя

Блізка з пытаннем дзяржаўнага суверэнітэту стаіць і моўнае пытанне. І тут Аляксандр Лукашэнка стабільны: беларуская мова нам родная, але расейская ўсё ж радней.

Гэтак, у 2009 годзе ён заявіў пра неабходнасць «беражлівага стаўлення да нормаў літаратурнай мовы». Але ў той жа час адзначыў, што гэта не азначае адмовы ад «другой роднай нам мовы – расейскай» і заклікаў не скочвацца «да абмежаванага і агрэсіўнага местачковага нацыяналізму».

Гэтую тэму Лукашэнка развіў у 2010 годзе, паабяцаўшы не дапусціць «гвалтоўнай беларусізацыі», ахарактарызаваўшы змяншэнне ўжытку расейскай мовы як «тупасць, глупства, ідыятызм». Разам з тым, паводле яго, быў нават зацверджаны план папулярызацыі і пашырэння выкарыстання беларускай мовы «спакойна і акуратна, без палітычнага абвастрэння моўнага пытання».

Hавiны
Лукашэнка распавёў пра выбары: парламенцкія адбудуцца ў 2019-м годзе, прэзідэнцкія – у 2020-м
2019.04.19 12:42

Але ўжо ў посткрымскім 2014 годзе кіраўнік дзяржавы абараняўся ад абвінавачванняў у тым, што «у нас, маўляў, дзесьці нібыта пачынаюць заціскаць не тое расейцаў, не тое расейскую мову». Паводле яго, у Беларусі расейская мова стала дзяржаўнай, яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам – «калі прыніжэнне той жа Расеі і расейцаў было нормай».

Пра гэта ж самае ён казаў і ў 2015 годзе, калі нават заступіўся за надпісы на беларускай мове, якія, паводле яго, такія з часоў СССР.

«Нічога страшнага, калі побач будуць нашы дзве родныя мовы – расейская і беларуская », – падкрэсліў Лукашэнка.

У 2017 годзе, калі «расейскі свет» сціх, ён нават заявіў, што беларускую мову «трэба берагчы, вывучаць, развіваць». А праз год падкрэсліў, што «нядобра ведаць англійскую лепш за беларускую». Праўда, далей за словы справа не пайшла. І сёлета, калі пасля слоў міністра культуры Расеі Уладзіміра Мядзінскага «зноў пайшла гэтая моўная хваля», ён распавёў, як сам загадаў перакласці на «нармальную» мову беларускамоўны дарожны надпіс.

Заробкі трэба зарабіць

Вялікая частка ўвагі Лукашэнкі прысвечаная заробкам, якія ніяк не выйдуць на належны ўзровень. І калі ў 2004 і 2005 гадах яшчэ былі спадзяванні «істотна павялічыць зарплату», дык з часам яны сышлі. Але што не мяняецца з года ў год, так гэта задачы «па ўсталяванні прамой залежнасці заробку ад эфектыўнасці вытворчасці, якасці прадукцыі і прадукцыйнасці працы».

Пра гэта, але іншымі словамі, ён казаў і ў 2006-ым, 2009-ым, 2010-ым гадах, заклікаючы не блытаць «заработную плату з сацыяльнай дапамогай». Пасля таго, як беларуская эканоміка ў 2011 годзе не вытрымала заробкаў у 500 долараў, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў вярнуцца да гэтага арыенціру. Абвал жа эканомікі ён спісаў у 2012 годзе на грамадзян, якія «хацелі скупіць воцат, запалкі, спірт і іншае».

Hавiны
Другая АЭС, новае свята 5 чэрвеня і рэфармацыя Царквы. Лукашэнка звяртаецца да народу
2019.04.19 09:27

Заставаліся ў моцы і заклінанні пра тое, што «заробак павінен быць зароблены». Пра гэта Лукашэнка казаў у 2014-ым, 2016-ым, 2017-ым і 2018-ым гадах. Але магія не дзейнічала. І ў 2015 годзе кіраўнік дзяржавы вымушаны быў прызнаць, што «абяцанні пра сярэдні заробак у краіне, якія ўлада публічна давала людзям, так і засталіся нявыкананымі». У сувязі з гэтым паўстала ідэя: не растуць зарплаты – не павінны расці і кошты.

У 2014 годзе кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў, што «суадносіны заробку бюджэтнікаў і сярэдняга па краіне далёкія ад аптымальных – крыху больш за 70 %». А ў 2019-ым паўтарыў гэтыя ж словы:

«Урад абавязаны забяспечыць суадносіны сярэдняга заробку ў бюджэтнай сферы і сярэдняга па краіне на ўзроўні не ніжэй за 80 %».

А да пенсій – паспрабаваць дажыць

Звязаныя з заробкамі і пытанні паляпшэння пенсійнай рэформы. Яшчэ ў 2004 годзе Лукашэнка разглядаў магчымасць увядзення дадатковы назапашвальнай сістэмы, але яна яму не прыйшлася да спадобы: «дэмакраты нам прапануюць такую сістэму». У выніку, ён у 2005 годзе быў вымушаны змагацца з тым, што рост цэнаў абясцэньваў рост пенсій.

У 2009-ым Лукашэнка паабяцаў прыняць усе неабходныя меры для недапушчэння зніжэння дасягнутага памеру пенсійнага забеспячэння. І вось фанфары 2010 года: «у краіне забяспечана стабільнае функцыянаванне пенсійнай сістэмы», заявіў кіраўнік дзяржавы і нават паабяцаў надалей паляпшаць матэрыяльнае становішча пенсіянераў.

ВІДЭА
Лукашэнка вырашыў павысіць беларусам пенсіі
2018.07.18 09:32

Але ў 2014-ым усё ж такі прызнаў праблему: «рабочых рук становіцца менш, пенсіянераў досыць шмат». Каб вырашыць яе, ён прапаноўваў зацікавіць насельніцтва працаваць і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, увесці дыферэнцыяцыю памераў пенсій і больш актыўна развіваць добраахвотнае страхаванне, да якога са скепсісам паставіўся дзесяць гадоў таму.

«Шчыра скажу, што забяспечваць фінансавую ўстойлівасць пенсійнай сістэмы з кожным годам становіцца больш складана», – заявіў Лукашэнка ў 2015 годзе.

А ў 2016 годзе ўжо быў вымушаны апраўдваць павышэнне пенсійнага ўзросту, якое, маўляў, даўно трэба было рабіць. Сёлета ж Лукашэнка адзначыў неабходнасць даць пенсіянерам працаваць і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Нагадаем, што пра гэта ён казаў і ў 2014 годзе, за два гады да павышэння пенсійнага ўзросту. Супадзенне?

Бэбі-бумеры ці дзяржаўная палітыка?

Каб паменшыць ціск пенсійных выплат на эканоміку, улады Беларусі спрабуюць стымуляваць нараджальнасць. Гэтая тэма таксама не сыходзіць са старонак пасланняў Аляксандра Лукашэнкі. Гэтак, у 2006 годзе ён пацвердзіў, што «неабходна вельмі моцна стымуляваць працэс паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі», але без утрыманства.

Hавiны
У дзень Раства Хрыстова Лукашэнка заклікаў нараджаць
2019.01.07 12:40

Аднак у 2014 годзе быў вымушаны прызнаць, што вызначальным фактарам росту колькасці насельніцтва ў Беларусі ёсць міграцыя. Пры гэтым сабе ў заслугі кіраўнік дзяржавы запісаў нараджэнне дзяцей ад яшчэ савецкіх бэбі-бумераў.

«Прынятыя дзяржавай меры па падтрымцы семʼяў, якія выхоўваюць дзяцей, знайшлі водгук у насельніцтва», – сказаў ён.

У 2015 годзе Лукашэнка нават заяўляў, што насельніцтва Беларусі пры такой тэндэнцыі можа дасягнуць «пры нашым жыцці» 10 мільёнаў.

«Моцная сямʼя, у якой выхоўваюцца прынамсі трое дзяцей, павінна стаць грамадскім ідэалам, сацыяльнай нормай», – заяўляў ён.

У 2016 годзе кіраўнік дзяржавы выхваляўся, што такой нараджальнасці не было больш за 20 гадоў. «Гэта прарыў!» – радаваўся Лукашэнка.

Але бэбі-бумеры вычарпалі свае сілы, надышла чарга дэмаграфічнай ямы 1990-х гадоў і воклічы захаплення зніклі з пасланняў. У 2019 годзе кіраўнік дзяржавы толькі крытыкаваў святароў і манахаў за тое, што ў іх няма дзяцей, ды прызнаў, што нават сярод яго бліжэйшага атачэння шматдзетная сямʼя – вялікая рэдкасць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў