Лукашэнка абвесціў, калі адбудуцца выбары, і выказаўся адносна заробкаў, коштаў, бізнесу, спорту, рэлігіі і моўнага пытання


Выбары парламенцкія – сёлета, прэзідэнцкія – налета. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка паведаміў падчас штогадовага звароту да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Кіраўнік краіны выказаў сваю пазіцыю адносна заробкаў, коштаў, бізнесу, спорту, моўнага пытання. Ці было нешта новае, чаго мы яшчэ не чулі цягам 25 гадоў?

На гадавіну бальшавіцкага перавароту – новая Палата Прадстаўнікоў. Аляксандр Лукашэнка вызначыўся: парламенцкія выбары адбудуцца ўжо сёлета.

«У нас ёсць добрае свята. У Расеі яно завецца, трохі раней, «Дзень адзінства і згоды» ці як там. У нас – па-старому – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі і так далей, 7 лістапада, выходны дзень. Калі мы паводле закону прызначым, нармальна будзе? Па-мойму, прымальна», – сцвердзіў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак Лідзія Ярмошына прапанавала іншую дату – 17 лістапада. Для правядзення прэзідэнцкіх выбараў старшыня Цэнтрвыбаркаму таксама знайшла дзень – не пазней за 30 жніўня наступнага года. Для таго ж, каб абраць парламент яшчэ сёлета, Лукашэнку давядзецца датэрмінова распусціць Палату прадстаўнікоў. Гэта магчыма, кажа палітолаг Валер Карбалевіч:

«Калі Палата прадстаўнікоў не падтрымае два разы кандыдатуру прэм’ер-міністра ці калі Канстытуцыйны суд прыйдзе да высновы, што Палата прадстаўнікоў груба і доўгатэрмінова парушае Канстытуцыю».

Зрэшты, Канстытуцыю магчыма таксама неўзабаве памяняюць. Лукашэнка намякнуў, што акурат гэтым і можа заняцца новая Палата. Прынамсі, пра рэферэндум гаворкі не было. Не патлумачыў кіраўнік краіны, чым яго не здавальняе існая версія Асноўнага закону.

«Я думаю, варыянт зменаў будзе падобны да зменаў Канстытуцыі Азербайджану. То бок, максімальнае стварэнне механізмаў для перадачы ўлады камусьці з ягоных сыноў. Мы ўжо бачым працэс уключэння Віктара Лукашэнкі ў публічную палітыку. Ён атрымаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта НАК», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

У кожным разе, паводле палітолага, ніякай дэмакратызацыі Канстытуцыі чакаць не выпадае. Гучалі ў прамове Лукашэнкі і ідэалагічныя тэзісы. Гэтым разам не толькі пра спорт.

Відэа з бурнымі воплескамі ад Ігара Марзалюка ўжо аббегла сеціва – так чальцу Палаты прадстаўнікоў спадабаліся словы Лукашэнкі пра абарону незалежнасці. Праўда, на наступныя выказванні рэакцыя была, напэўна, больш стрыманай.

Бо, адарваўшыся ад аркуша, Лукашэнка параіў, цытата, «не плакацца» з нагоды зносу крыжоў у Курапатах, а таксама пахваліўся, што, дбаючы пра расейцаў, даў загад змяніць беларускамоўную дарожную шыльду «выконвай хуткасны рэжым» на, цытата, «нармальную» – значыць, расейскую.

«Гэта яго прырода, натура чалавечая. Ён заўсёды са знявагай ставіўся да Курапатаў, да іншых святых месцаў для Беларусі, да гісторыі, да мовы, да культуры. Ён не толькі пра гэта казаў. Можна прыгадаць, што ён сказаў, што ў 2017 годзе развалілася наша імперыя», – тлумачыць Павел Усаў, палітолаг.

А таму, паводле палітолага, у далейшым кіраванні Лукашэнкі хаваецца небяспека як для беларускасці, гэтак і для незалежнасці нашае дзяржавы. Нягледзячы на ўсе іншыя заявы.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: Maxim Guchek / BelTA / TASS / Forum