Дубаневіч і Ганна Канстанцінаўна Мандэльштам

Аляксандр
Фядута
паліткансультант

З настаўніцай Смалявіцкай гімназіі Ганнай Севярынец не працягнулі кантракт.

Было зразумела, што рана ці позна ў нашай краіне такое можа здарыцца з усякім. Кантрактная сістэма ў разуменні Аляксандра Лукашэнкі першапачаткова мадэлявала сітуацыю саўгаса: хочаш жыць і працаваць – працуй па правілах дырэктара, не хочаш – вось бог, а вось і парог. Але месца ў саўгасе ты сабе ўжо не знойдзеш. І нават калі партыйныя органы (так, уявіце сабе) часам абсякалі кіраўніка гаспадаркі, то лягчэй ад гэтага не станавілася: працаваць ты працаваў, але дапамогі ад гаспадаркі не атрымліваў ніякай. А на вёсцы – дасведчаныя людзі казалі – то табе конь патрэбна, то машына, і ўсім гэтым распараджаецца дырэктар.

Менавіта таму, дарэчы кажучы, я заўсёды пратэставаў, калі Лукашэнка называлі старшынём калгасу. У савецкія часы ў калгасе было хаця б нейкае падабенства калектыўнага кіравання, а саўгас – у дакладнасці сталінская мадэль. Толькі што турмаў сваіх не было.

Ганна Севярынец. Фота са старонкі ў Facebook

З Ганнай Севярынец, адной з самых вядомых выкладчыц літаратуры ў нашай краіне (і гэта праўда), такі кантракт не працягнулі. У свой час, як я здагадваюся, прозвішча перашкодзіла ёй па заканчэнні аспірантуры абараніцца: гэты самы «свой час» стаў часам чарговай пасадкі яе не ў меру актыўнага брата. А цяпер перашкодзілі не роднасныя сувязі, а ўласная літаратурная творчасць.

Прасцей кажучы – верш.

Прывядзем яго цалкам:

А я за вас не галасавала ніколі.

Увогуле вы для мяне заўсёды былі – тата Колі.

Як працуеш у школе, людзей вымяраеш дзецьмі і татамі.

Бачыш, якім быў чалавек, калі шчэ сядзеў за партаю,

Бачыш у кожным ягоных бацьку і матку,

Ці, часам бывае, што і ў адваротным парадку.

Таты такія ня часта, але ж бываюць,

З тых, хто думае, што лепей за ўсіх і ўсё знае,

Прыйдзе на бацькоўскі сход – і давай вучыць, як вучыцца,

Якім часам уставаць на заняткі, лячыцца альбо не лячыцца,

Хто дурны, хто разумны, якой даўжыні спадніца

Павінна быць у русіцы і ў беларусіцы,

Карацей, ён ведае ўсё, шчэ лепей за матку,

Бо тая сядзіць дома і сочыць у іх за парадкам.

Паспрабуй не заўваж Колю такога таты.

Ды ён і сам нагадае, бо вучыцца сапраўды выдатна,

Ён не можа быць не ўзорным, і ён насамрэч узорны,

Паспрабуй быць іншым, як трапіш у такія жорны.

Кожны тата мае ўладу над уласным сынам.

Нават калі таты няма – адсутнасьць ягоная ў сьпіне стыне.

Татаў лёс кладзецца на сына гарчэй за праклёны,

Альбо лягчэй за крылы – гэта ўжо хто на што здольны.

Усё, што ты робіш, і добрае, і асабліва благое,

Здарыцца ў сыне гарачым агнём ці апошняй агоніяй.

Асабліва калі не адпусьціш яго, не аддасі ўлады –

Ён і пасьля цябе будзе раздаваць даўгі тваіх перамог і здрадаў.

І калі ты, напрыклад, у жаху альбо асьляпленьні

Будуеш турмы і ставіш паўсюд ачапленьні,

Вырашаеш за іншых, як ім жыць і куды зьбірацца,

Дык першым пакутуе сын, бо толькі яму і не ўратавацца.

І калі – хай бы хто мне сказаў, што такога не будзе –

Гэты тата аддасьць загады страляць па людзях,

Я б сказала яму – для сябе мне ня страшна болю –

Ня думай пра мяне, страляй. Але думай пра Колю.

А цяпер прывядзем яшчэ адзін верш. Не Ганны Канстанцінаўны. Восіпа Эмільевіча Мандэльштама:

Мы живем, под собою не чуя страны,

Наши речи за десять шагов не слышны,

А где хватит на полразговорца,

Там припомнят кремлёвского горца.

Его толстые пальцы, как черви, жирны,

А слова, как пудовые гири, верны,

Тараканьи смеются усища,

И сияют его голенища.

А вокруг него сброд тонкошеих вождей,

Он играет услугами полулюдей.

Кто свистит, кто мяучит, кто хнычет,

Он один лишь бабачит и тычет,

Как подкову, кует за указом указ:

Кому в пах, кому в лоб, кому в бровь, кому в глаз.

Что ни казнь у него – то малина

И широкая грудь осетина.

Уласна кажучы, прынята лічыць, што менавіта гэты верш каштаваў Мандэльштаму – аднаму з найвялікшых паэтаў ХХ стагоддзя – свабоды, а, у рэшце рэшт, і жыцця. Аўтар памёр ва ўладзівастоцкім перасыльным пункце Дальбуду ад сыпнога тыфу.

Кажуць, што загад аб яго арышце не аддаваў асабіста Іосіф Вісарыёнавіч. Адзін з каментатараў сцвярджае, што ў правадыру з тонкай шыяй сябе пазнаў Вячаслаў Молатаў – ну і адпаведна пакрыўдзіўся. Ці проста вырашыў падстрахавацца.

Часы ў нас, як любіць пісаць папулярны карыстальнік сацыяльных сетак Яўген Ліпковіч, адносна вегетарыянскія. Зноў жа – памеры краіны не дазваляюць загнаць Ганну Канстанцінаўну Мандэльштам бліжэй да Уладзівастоку. Але можна не працягнуць кантракт. Цытуем у пераказе самой настаўніцы і паэта для Радыё Свабода:

«[Дырэктар] сказаў, што як настаўнік я маю права на думкі наконт сістэмы адукацыі, але я не маю права як настаўнік крытыкаваць уладу, што наша задача – абслугоўваць ідэалогію, якая ёсць. І пакуль я не выказвалася на адрас першай асобы, то гэта разумелі, а цяпер не разумеюць».

Ганна Севярынец. Фота са старонкі Facebook

Карлсан казаў у такіх выпадках: нічога страшнага, не ўсім жа быць кемлівымі. Але мы гэтага сказаць не можам, паколькі, мяркуючы па ўсім, дырэктар гімназіі спадар Дубаневіч як раз усё зразумеў (цытуем зноў жа паводле Свабоды):

«Як дырэктар навучальнай установы я прымаю рашэнне, працягваць ці не працягваць кантракт».

У прыватнасці, падобна, ён зразумеў: калі ён не прыме меры, то месцы працы ў нашым саўгасе ён не знойдзе.

Ганна Канстанцінаўна яго таксама зразумела.

Пра тое, ці зразумеюць вучні і бацькі, я не ведаю. Але, як былы настаўнік, здагадваюся.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў