Дробная с*ка ўлада

Вось мы і атрымалі пацверджанне таму, што ўлада спрабуе імітаваць грамадзянскую вайну. Ужо другое пацверджанне. Першае было прама агучана палкоўнікам Чамаданавай, якая назвала выкрадальнікаў і забойцаў Рамана Бандарэнкі «неабыякавымі грамадзянамі». Маўляў, калі і ідзе сутыкненне – то паміж двума групамі грамадзян, якія маюць роўнае права на гвалт.

А цяпер – другое. Зіма. Выпаў снег. У Новай Баравой адключылі спачатку ваду, а потым ацяпленне. Школы і дзіцячыя садкі не будуць працаваць – а як жа працаваць, калі ў дзіцячых установах не будзе ацяплення? Уласна кажучы, засталося адрэзаць жыхароў мікрараёна, які пратэстуе, ад крам з харчаваннем, абмежаваўшы рацыён 125 грамамі хлеба. Каб ужо дарэшты адчулі сілу гэтай улады, якая спрабуе прымусіць іх здацца зморам.

Паралель з гітлераўскай палітыкай у адносінах да незадаволеных суграмадзян праводзілі ўжо неаднаразова. Але вось гэтую «аблогу» Новай Баравой параўнаць з гітлераўскімі рэпрэсіямі цяжка. Там у аблогу бралі чужыя гарады. У нас – спальны мікрараён у цэнтры ўласнай краіны. Там гэтым займалася акупацыйная армія. У нас – прыватныя камунальныя службы, за спіной якіх дробна і подла маячыць тое, што можна назваць «дзяржаўнай палітыкай».

Новая Баравая 3-ія содні без вады.
Фота: АД / «Белсат»

Вядома, асноўныя прэтэнзіі прад’яўляюцца сёння «Менскводаканалу», цалкам дзяржаўнаму прадпрыемству. Але ў цэлым за абслугоўванне Новай Баравой адказвае прыватнае прадпрыемства «А – 100 камфорт». Калі хтосьці не ведае: яго бенефіцыярам лічаць Аляксандра Цэнцера, аднаго з найбуйнейшых дэвелапераў Менску, забудоўшчыка тэрыторыі былога дэпо ў раёне вуліцы Машэрава. Таго самога спадара Цэнцера, які ў ліпені стаў найбуйнейшым спонсарам хакейнага клуба «Дынама – Менск» – на ўзроўні «Беларуськалія». Па чутках, спонсарская дапамога групы кампаній «А – 100» Кантынентальнай хакейнай лізе склала каля 4 мільёнаў долараў. Ці не зашмат?

Не. Прадстаўляў прэсе гэтую дапамогу спадар Баскаў. Той самы. «Неабыякавы грамадзянін», кажучы словамі Юліі Чамаданавай. І калі спадара Баскава, кіраўніка ўсяго беларускага хакея, вылічаюць як аднаго з магчымых выкрадальнікаў Рамана Бандарэнкі, то адкуль нам ведаць – а раптам і Аляксандр Цэнцер – чыста тэарэтычна –выкрадзены? Можа быць, ён ездзіць сёння ў адным з бусаў з цёмным шклом, выступаючы нямым сведкам пры выкраданнях і збіваннях адных неабыякавых грамадзян іншымі, якія знаходзяцца пад дахам тых, хто лічыць сябе ўладай? Не з добрай ахвоты, а – як закладнік, каб не выскачыў на хаду з буса (дзеці жывуць за мяжой, так каб і сам не выскачыў). Бо ўсё можа быць. Калі ўжо адключаеш ацяпленне дзецям – усё можа быць.

Новая Баравая 3-ія содні без вады.
Фота: АД / «Белсат»

Наша ўлада – дробная сука. Дваццаць шэсць гадоў існавання так і не ўзнялі яе на ўзровень, годны ўлады як такой. «Усіх знойдзем…» – злосна сыкае яна з падваротні. Усіх. Нават дзяцей. Пры гэтым забываючыся, што кожнаму вяртаецца адпаведна справам ягоным.

Ці – не забываючыся? Таму і хаваецца за спінамі Баскавых, Шакут, Цэнцераў, падстаўляючы іх пад нянавісць суграмадзян. Як раней падставіла таго ж Ізраілевіча, вылучыўшы кавалак зямлі пад рэстаран у непасрэднай блізкасці ад Курапатаў. Хай іх ненавідзяць, а нас – баяцца.

Толькі вось страху ўсё менш і менш. Чаго баяцца дробных сук?

Ацяпленне адновяць – дай бог, каб крыху раней. Рэпутацыю – ужо дакладна не.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў