Ратавальнікі з Гарадзеншчыны паведамляюць, што ў аўтамайстэрні Ваўкавыску ад атручання чадным газам загінуў мужчына.
«9 лютага а 12:02 паступіла паведамленне аб атручанні ўгарным газам грамадзяніна, 1978 года нараджэння, у аўтамайстэрні Ваўкавыску», – паведамляе абласное ўпраўленне МНС.
Абставіны смерці мужчыны ўсталёўваюць супрацоўнікі Следчага камітэту.
З пачатку года ў Беларусі пачасціліся выпадкі атручвання чадным газам. Найбуйнейшая трагедыя адбылася 27 студзеня ў Барысаве: у двух кватэрах шматпавярховага дому загінулі шэсць чалавек, у тым ліку двое дзяцей.
Праз тыдзень у Стаўбцоўскім раёне атруціліся чадным газам і былі шпіталізаваныя маці і дзіця.
6 лютага на кухні адной з кавярняў Слуцку ад атручвання чадным газам памерлі дзве жанчыны.
Увечары 7 лютага ў вёсцы Забалацце Рагачоўскага раёну ў лазні былі знойдзены целы двух пажылых мужа і жонкі. Папярэдняя версія гібелі пенсіянераў – атручанне чадным газам.
Закрывайце своечасова пячныя засланкі ды праветрывайце гаражы. Пры канцэнтрацыі чаднага газу ў паветры вышэй за 1,2 % чалавек страчвае прытомнасць пасля двух-трох удыхаў і памірае праз 3 хвіліны.
ДД