«Час абраў нас разбіраць завалы». Як Зяленскі з Лукашэнкам сустракаліся ў Жытоміры


На палях ІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Жытоміры Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі абмеркавалі развіццё прамысловай і культурнай супрацы, а таксама сітуацыю на Данбасе. У часе сустрэчы Зяленскі паведаміў пра вызваленне ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, асуджанага ў Беларусі на 8 гадоў за «шпіянаж». Лукашэнка, у сваю чаргу, прызнаў, што паміж краінамі накапіліся «завалы» ў стасунках, а цяпер «прыйшоў час іх разграбаць».

Першыя перамовы Лукашэнкі і Зяленскага. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Сённяшняя сустрэча стала для кіраўнікоў дзяржаў фактычна знаёмствам у жывую – раней яны толькі гаварылі па тэлефоне. Раніцай 4 кастрычніка Зяленскі асабіста сустрэў Лукашэнку ў жытомірскім аэрапорце. За некалькі гадзінаў да прыезду кіраўніка Беларусі ўвесь цэнтр гораду быў ачэплены паліцыяй і Нацгвардыяй. Патрапіць на галоўную плошчу можна было, прайшоўшы некалькі кварталаў дварамі. Рух транспарту быў перакрыты, у дварах стаялі паліцэйскія машыны і «хуткія дапамогі».

У Жытоміры пратэставалі падчас прыезду Лукашэнкі ды Зяленскага

Як паведамілі belsat.eu прадстаўнікі гэтых сілавых структураў, у Жытомір нават прывезлі падраздзяленні з суседняга Роўна. На ўмовах ананімнасці баец Нацгвардыі пацвердзіў нам, што ўзмацненне мераў бяспекі звязанае менавіта з візітам Лукашэнкі і ажыццяўляецца па патрабаванні беларускага боку. Мясцовыя жыхары таксама не прыгадваюць такога ачаплення падчас прыезду высокапастаўленых асобаў і скардзяцца на часовыя нязручнасці. Хаця яны і адзначаюць, што пасля абрання прэзідэнтам Зяленскі прыехаў сюды ўпершыню.

Праз прыезд Лукашэнкі ачапілі плошчу Жытоміру. Фотафакт

Перамовы – спачатку ў вузкім складзе, а потым у пашыраным – адбыліся ў будынку Жытомірскай абласной рады. Патрапіць туды змаглі толькі асабістыя аператары прэзідэнтаў і прэс-службы. Нават журналісцкі пул абодвух бакоў чакаў у іншым месцы – фае драматычнага тэатру на Саборнай плошчы ў некалькіх кварталах ад абласной рады. Перад уваходам журналістаў двойчы даглядалі пры дапамозе металашукальніка і прасілі паказаць рэчы.

На Форуме рэгіёнаў журналістаў беларускіх недзяржаўных медыяў вылучылі клічнікамі

Пачатак выступаў са сцэны быў запланаваны на 12:35, аднак адбыўся са спазненнем на паўтары гадзіны. Некалькі дзясяткаў журналістаў, якія чакалі на кіраўнікоў дзяржаў, не змаглі атрымаць разгорнутых каментароў, бо падыход да прэсы наагул не быў запланаваны ў праграме візіту.

Уладзімір Зяленскі прамаўляў першым і па-ўкраінску. Ён адзначыў, што дыялог з Лукашэнкам атрымаўся «адкрытым і вельмі змястоўным». «Ніякіх закрытых тэмаў паміж намі няма», – запэўніў ён. Украінскі прэзідэнт падзякаваў яму за тое, што «ва ўмовах расейскай агрэсіі беларуская мяжа застаецца мяжой міру» і за падтрымку менскай перамоўнай пляцоўкі па Данбасе.

Першыя перамовы Лукашэнкі і Зяленскага. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Беларусь была і застаецца для Украіны надзейным партнёрам, які дапамагае дасягнуць міру ў нашай краіне і тэрыторыяй, якая прызнае, што Крым і Данбас – былі і будуць заўжды Украінай», – заявіў Зяленскі.

А пасля дазволіў сабе жарт, задаўшы рытарычнае пытанне «Да каго беларусы бліжэй – да расейцаў або да ўкраінцаў?» Паводле Зяленскага, адказ ён «знайшоў у прозвішчах гасцей з Беларусі».

Зяленскі вітаў Лукашэнку па-беларуску, а Лукашэнка назваў Украіну Расеяй

Лукашэнка, у сваю чаргу, сказаў: «Па змесце і аб’ёме пытання сустрэча нагадвала разбор завалаў, якія сабраліся за апошнія гады. Час абраў нас разбіраць гэтыя завалы».

Ён заявіў пра намер павялічыць пастаўкі нафтапрадуктаў на ўкраінскія прадпрыемствы і «вывучаць досвед украінскай атамнай энергетыкі ў кантэксце адкрыцця БелАЭС у 2020 годзе».

Аляксандар Лукашэнка. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Прамову «з паперкі» Лукашэнка чаргаваў з нефармальнымі выказваннямі. Паводле яго, чым бліжэй будуць дзве дзяржавы, «тым большы супраціў будзе адчувацца».

«Ніхто ніколі, як бы ні заяўлялі палітыкі, не дазволіць нам вельмі моцна сябраваць. Таму што, на жаль, свет дзейнічае па прынцыпе «падзяляй і ўладар», – сказаў ён і запэўніў: адчуў сябе няёмка, бо «столькі журналістаў зараз падумаюць, што мы тут сабраліся супраць Расеі або Кітаю».

Уладзімір Зяленскі. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«А вы не саромейцеся, Аляксандр Рыгоравіч», – уставіў рэмарку Зяленскі, выклікаўшы ажыўленне ў залі.

«Вы не думайце, што толькі там [у Расеі. – Belsat.eu] нас будуць прэсаваць. Гэта і на Захадзе не вельмі ўспрымуць… Мы не хочам сябраваць супраць кагосьці», – дадаў Лукашэнка.

КА Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары