Берасцейцы працягваюць пратэставаць супраць акумулятарнага заводу. Улады да іх не ідуць


Пратэст у Берасці 23 чэрвеня.
Фота: virtualbrest.by

Жыхары Берасця працягваюць пратэставаць супраць акумулятарнага заводу «iPower». Чарговая акцыя ў фармаце кармлення галубоў прайшла 23 чэрвеня на цэнтральнай плошчы гораду перад аблвыканкамам.

Пратэстоўцы чакалі, што да іх прыйдзе кіраўнік Берасця Аляксандр Рагачук, але той да іх не прыйшоў, паведамляе «Виртуальный Брест».

Hавiны
«Мы яго закрыем». Раман Кісляк – пра спыненне будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці
2019.06.14 12:26

Замест гэтага ён правёў сустрэчу на тэму заводу ў напаўпустой зале Палацу культуры з удзелам прадстаўнікоў моладзі, аддзелу адукацыі і іншых. Усіх, хто прыходзіў на яе, здымалі людзі ў цывільным. Таксама ўдзел у сустрэчы ўзяў старшыня Берасцейскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Аляксандр Гарошка.

Паводле Гарошкі, праца заводу сёння прыпыненая. Ён таксама заявіў, што ў каналізацыі і глебе не выяўлена забруджання ад дзейнасці заводу. Плануецца правесці трэцюю экалагічную экспертызу, да атрымання вынікаў якой завод працаваць не будзе.

Як сказаў Гарошка, калі прадпрыемства нават будзе запушчана, але тры разы будзе зафіксавана перавышэнне выкідаў, суд можа зноў прыпыніць яго дзейнасць.

Абноўлена
Кіраўнік Берасцейскага гарвыканкаму: «акумулятарны завод – самы вялікі гемарой» для гораду
2019.06.20 12:22

Прадстаўнікі пратэстоўцаў пераконвалі кіраўніка гораду выйсці да іх на плошчу, але Рагачук заявіў, што «мітынгоўшчынай і кампанейшчынай пытанне не вырашыцца». Паводле яго, «трэба не кармленнямі далей пратэставаць, а садзіцца і праводзіць перамовы». Пры гэтым ён анансаваў наступную сустрэчу 30 чэрвеня.

«Я не буду паддавацца на эмоцыі і «бегчы на дыван» па першым клічы», – распавёў кіраўнік гораду.

Нагадаем, што акумулятарны завод кампанія «iPower» будуе на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Жыхары гораду і некалькіх бліжэйшых вёсак лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Яны ўжо 15 месяцаў запар пратэстуюць супраць заводу, кормячы птушак у цэнтры Берасця.

Аб’ектыў
Берасцейцы не вераць Лісу і выйшлі на акцыю пратэсту супраць акумулятарнага заводу
2019.06.16 22:29

Летась гараджане скіравалі амаль сорак тысяч подпісаў у Адміністрацыю кіраўніка краіны з патрабаваннем спыніць будаўніцтва, аднак урадавая камісія не знайшла парушэнняў у будаўніцтве прадпрыемства.

Яшчэ дзве з паловаю тысячы подпісаў берасцейцы накіравалі кіраўніку дзяржавы з патрабаваннем адстаўкі чыноўнікаў, якія, на меркаванне мясцовых жыхароў, не клапоцяцца пра здароўе гараджанаў. Таксама безвынікова.

Тым не менш, 14 чэрвеня старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс падпісаў рашэнне аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага заводу да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў