«Мы яго закрыем». Раман Кісляк – пра спыненне будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці


Акумулятарны завод у Берасці. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

14 чэрвеня старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс падпісаў рашэнне аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага заводу да ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк у размове з «Белсатам» распавёў, што жыхары гораду чакалі гэтага рашэння паўтара года.

«Гэта моцны крок у гэты бок. Агулам мы спадзяемся, што давядзем і абгрунтуем перад уладамі неабходнасць поўнага закрыцця будаўніцтва і эксплуатацыі гэтага заводу»

На думку юрыста, цяпер шанцы закрыць завод вельмі вялікія.

«Я на 100 % упэўнены, што мы яго закрыем. Апроч таго, што ёсць рашучасць і настойлівасць берасцейцаў, ёсць факты, якія сведчаць, што гэты завод у прынцыпе не мог і не павінен быў быць пабудаваны пад Берасцем у адпаведнасці з шэрагам законаў – і не толькі экалагічных», – дадаў Кісляк.

Акумулятарны завод «iPower» пад Берасцем павінен быў адкрыцца 11 чэрвеня. Замест афіцыйнага запуску, аднак, кіраўніцтва прадпрыемства правяло прэсавую канферэнцыю, падчас якой чыноўнікі абвесцілі, што працэс здачы ў эксплуатацыю працягнецца да 21 чэрвеня праз перавышэнне запраектаванай нормы забруджанасці на 123 грамы ў год.

На наступны дзень праціўнікаў акумулятарнага заводу прыняў губернатар Берасцейшчыны.

Журналістаў на сустрэчу не пусцілі, але трохгадзінную размову актывісты ацанілі як «канструктыўную».

Акумулятарны завод кампанія«iPower» будуе на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Жыхары гораду і некалькіх бліжэйшых вёсак лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Яны ўжо 15 месяцаў запар пратэстуюць супраць заводу, кормячы птушак у цэнтры Берасця.

Летась гараджане скіравалі амаль сорак тысяч подпісаў у Адміністрацыю кіраўніка краіны з патрабаваннем спыніць будаўніцтва, аднак урадавая камісія не знайшла парушэнняў у будаўніцтве прадпрыемства.

Яшчэ дзве з паловаю тысячы подпісаў берасцейцы накіравалі кіраўніку дзяржавы з патрабаваннем адстаўкі чыноўнікаў, якія, на меркаванне мясцовых жыхароў, не клапоцяцца пра здароўе гараджанаў. Таксама безвынікова.

ВІДЭА
«Проста хочацца жыць». Як берасцейцы ўдзень і ўначы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу
2019.05.25 11:43

ДД belsat.eu

Стужка навінаў