«Проста хочацца жыць». Як берасцейцы ўдзень і ўначы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу


Больш за год жыхары Берасця выходзяць на вулічныя акцыі, звяртаюцца да ўладаў пісьмова, а нядаўна распачалі 24-гадзінную варту ля прахадной заводу «АйПаўэр». І звычайныя берасцейцы, і прафесійныя эколагі сыходзяцца ў меркаванні: новая вытворчасць можа нашкодзіць здароўю людзей і навакольнаму асяроддзю. Аднак улады пакуль не прыслухоўваюцца ды абіраюць шлях канфрантацыі: актывістаў затрымліваюць, штрафуюць і нават распачынаюць супраць іх крымінальныя справы. Belsat.eu паслядоўна распавядае гісторыю самага доўгага пратэсту ў Берасці і тлумачыць, чаму гэта важная з’ява.

Таксоўкаю ад цэнтру гораду да акумулятарнага заводу – хвілінаў пятнаццаць па трасе. Абапал дарогі – светлыя новабудоўлі, паселішча Сцімава з прыгожымі і дарагімі таўнгаўсамі месціцца бліжэй свабоднай эканамічнай зоны «Берасце». Сама СЭЗ мігціць агнямі: тут працуюць некалькі дзясяткаў заводаў. Мы адмыслова прыехалі позна ўвечары, каб паглядзець на варту пратэстоўцаў, якая стаіць ля прахадной заводу «АйПаўэр». Нядаўна ўдзельнікі варты спынілі фуру, якая ўначы спрабавала вывезці адсюль прадукцыю. Як высветлілася, там былі «паўфабрыкаты» – амаль гатовыя новыя акумулятары.

Брэст. Фота – Ірына Арахоўская

Ля заводу заўважаем групку людзей і некалькі машынаў з налепкамі «Не – свінцу». Высокі светлавалосы хлопец у працоўным камбінезоне з рэспіратарам на шыі да прыезду журналістаў не рыхтаваўся, але адразу ж тлумачыць, чаму ён стаіць уначы на варце.

Элітны пасёлак Сцімава ля акумулятарнага завода пад Берасцем. Фота – Ірына Арахоўская

«Выкідамі з гэтага заводу будуць труціць маю сям’ю, маіх сяброў. Я не магу спакойна глядзець, калі ўсё самае дарагое для мяне пад пагрозаю. Проста хочацца жыць і каб яны жылі. Думаю, ніводны нармальны чалавек не можа і не павінен сядзець дома ў такой сітуацыі», – тлумачыць Павел.

«Мы пачалі дзяжурыць трэцяга траўня, бо людзі ўбачылі белы дым, які ішоў з трубаў, то бок, верагодна, завод ужо працуе. Спачатку стаялі па адным чалавеку, потым па два-тры, некалькі гадзінаў запар пільнуем, каб не было ніякіх актыўных дзеянняў на заводзе, пасля прыязджае наступная змена. І гэтак цэлыя содні», – кажа мужчына ў спартовым касцюме побач.

Ніхто з гэтых людзей раней не браў удзелу ў акцыях пратэсту, не надта цікавіўся палітыкай. Аднак летась яны даведаліся пра планы «АйПаўэру» і выйшлі на вуліцу. Бальшыня пратэстоўцаў, адзначае Павел, працуе на дзяржаўных прадпрыемствах, і кіраўніцтва часта выклікае самых актыўных на размовы, пагражае звальненнем.

«Вядома, рызыка ёсць, але чакаць дазволу на мітынгі ад уладаў не даводзіцца, яго проста не будзе, таму мы карыстаемся правам, дадзеным Канстытуцыяй», – кажа хлопец.

Людзі дзяжураць ноччу ля завода. Некаторыя людзі папрасілі не паказываць іх твар, бо яны баяцца згубіць працу. Такія выпадкі ўжо здараліся. Фота – Ірына Арахоўская

Удзельнікі начной варты маюць кожны па рэспіратары або масцы. Кажуць, калі тут стаяла іншая змена, пайшоў гэты белы дым, і людзі адчувалі, як пячэ ў горле і саладкаваты прысмак у роце. Да гутаркі далучылася дзяўчына, якая назвалася Вольгай, але папрасіла не фатаграфаваць яе, бо «на працы пазнаюць».

«Я тут, бо як жанчына я хачу нарадзіць у будучыні здаровых дзяцей, і наагул нарадзіць іх, а свінец уплывае на рэпрадуктыўную функцыю ды на развіццё дзяцей, гэта чыста мацярынскі інстынкт. Усе дапамагаюць чым могуць: хто не баіцца – ходзіць на плошчу і пратэстуе адкрыта, хто баіцца – дапамагае неяк непублічна», – распавядае яна.

Фота – Ірына Арахоўская

Заўважыўшы камеру, на ганак выходзіць вартаўнік у камуфляжы і кажа, што здымаць тут нельга: маўляў, прыватная тэрыторыя. Пратэстоўцы зазначаюць, што час ад часу камунікуюць з вартаўніком, але да спрэчак не даходзіць, міліцыю ніхто не выклікае.

Актывісты склалі ў сацсетках адмысловы графік, разлічаны на содні. Праз некалькі гадзін «змена» скончыцца і пільнаваць «АйПаўэр» прыедзе новая. А 12:00 яны выйдуць на плошчу Леніна – карміць галубоў, як робяць кожную нядзелю вось ужо 14 месяцаў запар.

Варта ля акумулятарнага завода. Фота – Ірына Арахоўская

1. Перадгісторыя: зліццё прыватнага і дзяржаўнага інтарэсаў

Завод свінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў для аўтамабіляў «АйПаўэр» пачалі будаваць узімку 2018 года на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны (СЭЗ) «Берасце» за сем кіламетраў ад абласнога цэнтру. Пад будоўлю вылучылі пляцоўку плошчаю больш за пяць гектараў. Вакол – іншыя заводы цяжкой прамысловасці. Найбліжэйшы населены пункт, вёска Хабы, месціцца за 750 метраў, непадалёк цячэ рака Мухавец.

Замоўцам праекту выступіла аднайменная кампанія ТАА «АйПаўэр», якая ўваходзіць у «1AK-Group» і належыць пінскаму бізнесоўцу Віктару Лемяшэўскаму. Падрадчыкам стала Аньхойская вонкаваэканамічная будаўнічая карпарацыя з Кітаю. Агульны кошт праекту перавысіў 20 мільёнаў долараў, у яго інвеставаў Банк развіцця, які працуе пад эгідаю Нацыянальнага банку і мае на мэце фінансаванне як дзяржаўных праграмаў, так і прыватных «сацыяльна значных праектаў». Таксама прыцягнулі сродкі з інавацыйнага фонду Берасцейскай вобласці – фактычна з дзяржбюджэту.

Акумулятарны завод у Берасце. Фота – Ірына Арахоўская

Размяшчэнне «АйПаўэру» ў СЭЗ дае ўласніку шэраг прывілеяў: вызваленне ад падатку цягам пяці гадоў пасля абвяшчэння першага прыбытку, дапамога дзяржавы ў пабудове неабходнай інфраструктуры ды інш. Віктар Лемяшэўскі, уласнік «АйПаўэру», лічыцца самым багатым чалавекам у рэгіёне, ён чалец рады ў пытаннях развіцця прадпрымальніцтва пры прэзідэнце. З самага пачатку ён запэўніваў, што акумулятарны завод не будзе несці ніякай пагрозы экалогіі, усе рызыкі зведзеныя да мінімуму, а ўласна вытворчасць вельмі важная для Беларусі. Паводле Лемяшэўскага, праект зацвердзілі яшчэ ў 2016 годзе і будаўніцтва «анансавалася ў шэрагу публікацыяў», але тады ніякага абурэння гэты факт нібыта не выклікаў. Тады ж, у снежні 2016-га, цэнтр экалагічных экспертызаў пры Міністэрстве прыроды прыйшоў да высновы, што «АйПаўэр» адпавядае ўсім патрабаванням закону.

Фура з прадукцыяй акумулятарнага завода, якую спынілі актывісты.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

2. Чаму акумулятарны завод можа быць небяспечным?

На «АйПаўэры» прадугледжаны поўны цыкл вытворчасці акумулятарных батарэяў. Выкарыстоўваць збіраюцца ўласную сыравіну: асноўныя хімічныя кампаненты – серная кіслата і свінец. На афіцыйным сайце заводу тлумачаць, што траплянне ў паветра выпарэнняў свінцу ў небяспечнай для здароўя канцэнтрацыі фактычна немагчымае.

Кіраўніцтва кампаніі запэўнівае: на тэрыторыі жылой зоны і ў межах санітарна-ахоўнай зоны (500 метраў) не будзе перавышаная гранічна дапушчальная канцэнтрацыя ніводнага з рэчываў. Акрамя таго, для мінімізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ад свінцу на ўсіх крыніцах выкіду планавалася ўсталяваць фільтры з высокаю ступенню ачышчэння, а рэзервуары з сернаю кіслатой абароненыя ад працякання.

Акумулятарны завод Айпаўэр.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

У студзені 2018 года, калі берасцейцы ўжо пачалі пратэставаць супраць будоўлі, Віктар Лемяшэўскі заявіў:

«Я ўпэўнены, што больш за 3 кг у паветра трапляць не будзе. У людзей свінец дома ляжыць у выглядзе шроту, грузіка для лоўлі рыбы. Вось ён турбаваў да гэтага моманту? Свінец – цяжкае рэчыва. Калі раптам, выказаць здагадку тэарэтычна, што нешта вылеціць у трубу, як вы думаеце, куды гэта паляціць? Гэта не пух таполевы, ён далёка не паляціць, а вернецца ў трубу».

Беларускія эколагі тым часам сцвярджаюць адваротнае. «АйПаўэр» – першы ў краіне такі завод, а адзінай сістэмы ўтылізацыі адкідаў першага класу небяспекі (самых небяспечных) у нас усё яшчэ не выпрацавалі.

«Могуць адбывацца выкіды аэразольных часціцаў і свінцовага пылу, якія не будуць улоўлівацца фільтрамі. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі здароўя, небяспечнай канцэнтрацыі свінцу наагул не існуе. Гэтае рэчыва мае акумулятыўны эфект: яно назапашваецца ў тканках чалавечага арганізму, у глебе», – адзначае адмыслоўца Цэнтру экалагічных рашэнняў Наталля Блышчык.

Трубы акумулятарнага завода пад Брэстам.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Паводле эксперткі, казаць, ці ўвялі завод у эксплуатацыю, цяпер заўчасна, бо для гэтага трэба бачыць адпаведны дакумент. Да моманту ўвядзення на заводзе могуць праводзіцца пуска-наладачныя працы – магчыма, якраз таму актывісты на варце бачылі белы дым з трубаў.

«Страхі людзей небеспадстаўныя, бо ў кожнай еўрапейскай краіне дакладныя звесткі маніторынгу падобных вытворчасцяў ёсць у адкрытым доступе, на сайтах кампаніяў. Лемяшэўскі раней таксама абяцаў празрыстую сістэму маніторынгу, але пасля проста стаў сцвярджаць, што «ўсё добра, усё бяспечна».

З намі «АйПаўэр» спыніў камунікацыю, Камітэт дзяржкантролю – аналагічна. Канкрэтнай інфармацыі ніхто не дае, толькі адпіскі», – каментуе эколаг.

Шэсце па цэнтру Брэста.
Фота: Ірына Арахоўская

3. Стыхійны пратэст берасцейцаў

Калі будаўніцтва заводу ўсё ж распачалося, жыхары Берасця і прылеглых паселішчаў, асабліва вёскі Тэльмы, што побач, выступілі супраць. На іхную думку, ён будзе выкідаць у паветра свінец ды іншыя шкодныя рэчывы ў любым выпадку. 15 студзеня 2018 года мясцовыя ўлады сустрэліся з прадстаўнікамі «АйПаўэру», Міністэрства прыроды, адміністрацыі СЭЗ і цягам чатырох гадзінаў намагаліся пераканаць людзей, што завод не нясе шкоды. Аднак дэбаты ні да чаго не прывялі, актывісты працягвалі настойваць на сваім.

Галоўным аргументам праціўнікаў вытворчасці была сітуацыя ў паселішчы Зялёны Бор Івацэвіцкага раёну, куды цягам двух гадоў звозілі адкіды з яшчэ аднаго заводу Першай акумулятарнай кампаніі – «Белінвестгандаль-Сплаў». Паводле дакументаў, свінцовы попел адпраўлялі ў Расею як мінеральны дадатак, але насамрэч яго проста высыпалі ў кучу на пляцоўку пасярод лесу: усяго там сабралася больш за 7 тысячаў тон адкідаў, быў вымушаны ўмяшацца Камітэт дзяржкантролю.

Кармленне галубоў у Брэсце.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Калі актывісты прайшлі ўсе інстанцыі, але так і не дамагліся спынення праекту, яны пачалі выходзіць на вулічныя пратэсты. Людзі падавалі заяўку на правядзенне акцыяў, але ўлады Берасця дазволу не давалі. Тады пастанавілі штонядзелі збірацца на цэнтральнай плошчы гораду і карміць там галубоў. Такім чынам яны спадзяваліся пазбегнуць затрыманняў за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Нядзельныя кармленні галубоў хутка ўвайшлі ў традыцыю і збіралі па некалькі сотняў удзельнікаў. Пакарміўшы птушак, людзі звычайна рушылі шэсцем па пешаходнай вуліцы Савецкай.

Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Улады санкцыянавалі мітынг толькі аднойчы – у красавіку 2018 года. Нягледзячы на тое, што ён адбываўся ў лесе на ўскрайку гораду, сабраліся больш за дзве тысячы чалавек. Паралельна актывісты вялі маштабную інфармацыйную кампанію ў сацсетках, працягвалі сустрэчы з чыноўнікамі (беспаспяховыя).

Дзмітрый Бекалюк – адзін з найбольш дасведчаных праціўнікаў заводу – асабіста тройчы сустракаўся з міністрам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў Андрэем Худыкам. Перамовы гэтыя канкрэтнага плёну не прынеслі, але актывіст працягвае змагацца нават пасля таго, як яго звольнілі з пасады намесніка дырэктара вялікай кампаніі.

На саколцы напісана «Запрашаем у Беларусь».
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Адметна, што большая частка тых, хто паўстаў супраць заводу, раней ніколі не выкарыстоўвала свайго канстытуцыйнага права на мірны вулічны сход. «Мы не мелі дачынення да палітыкі», – у адзін голас кажуць людзі. То бок пратэст пачынаўся выключна як сацыяльны і меў стыхійны характар, а пасля да яго далучыліся мясцовыя апазіцыянеры. Улады, тым не менш, разгарнулі рэпрэсіі і супраць «апалітычных» пратэстоўцаў.

4. Рэпрэсіі

З першага дня, калі берасцейцы сталі выходзіць на плошчу, яны падавалі заяўкі ў гарадскую адміністрацыю, як таго патрабуе беларускае заканадаўства. «За гэты час актывісты падалі заяўкі на 103 мітынгі, 12 пікетаў і 16 дэманстрацыяў, была задаволеная толькі адна», – сцвярджае праваабаронца Раман Кісляк, які сочыць за пратэстам з самага пачатку і фіксуе ўсе парушэнні з боку ўладаў.

Міліцыянт папярэджвае людзей, якія кормяць галубоў, што яны сабраліся без згоды ўлады. Фота – Ірына Арахоўская

Не атрымаўшы дазволу, людзі пастанавілі «маскаваць» мітынг пад кармленне птушак на плошчы Леніна – і міліцыя пачала складаць на іх пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП), затрымліваць, штрафаваць і арыштоўваць на содні.

«Усяго было прызначана штрафаў на суму 25 685 рублёў, 15 содняў адміністратыўнага арышту – па 5 содняў Сяргею Пятрухіну, Аляксандру Кабанаву, Мікалаю Статкевічу (за мітынг 14 кастрычніка 2018 года). Агулам у судах разгледжаныя 62 адміністратыўныя справы супраць пратэстоўцаў, яшчэ 5 плануюць разгледзець на гэтым тыдні», – распавёў Кісляк, на якога таксама аднойчы склалі пратакол за назіранне на плошчы, пазней справу спынілі.

Кармленне галубоў праходзіць на плошчы Леніна. Фота – Ірына Арахоўская

Фактаў жа затрымання падчас кармленняў птушак і шэсцяў было столькі, што іх нават не здолелі падлічыць.

«Гэтыя штрафы ды арышты, якія мы зафіксавалі, – верхавіна айсберга, насамрэч іх значна больш, але не ўсе можна дакладна прывязаць да пратэсту. Да актывістаў чапляюцца з самых розных нагодаў, запужваюць іх ды іхных сваякоў», – кажа Кісляк.

Фота – Ірына Арахоўская

Але «адміністратыўкамі» рэпрэсіі не абмежаваліся. Сёлета ў красавіку ў машыне Майсея Мазька міліцыянты знайшлі патроны і выбухоўку, сталага мужчыну затрымалі па падазрэнні ў незаконным захоўванні зброі ды боепрыпасаў (арт. 295 КК Беларусі). 62-гадовы спадар Мазько правёў у ізалятары амаль чатыры дні. Пакуль ён сядзеў, сілавікі прыйшлі з ператрусам да ягонага сына Дзяніса і затрымалі яго паводле таго ж артыкулу. Праз двое содняў Дзяніса Мазька адпусцілі, але бацька і сын дасюль застаюцца ў статусе падазраваных у крымінальнай справе. Праваабаронца Раман Кісляк назваў гэта выключна палітычна матываваным пераследам.

Дзяўчына нясе варту ля акумулятарнага завода. Фота – Ірына Арахоўская

***

Удзень, пасля акцыі на плошчы, мы вяртаемся да заводу. Там сапраўды стаіць чарговая змена – дзве маладыя жанчыны ў марлевых масках, сяброўкі Вольга і Наталля. Абедзвюм прыблізна па 30 гадоў.

«З самага юнацтва мы жылі тут, у Берасці, самыя зарабілі грошы, завялі сем’і, пабудавалі хаты, але цяпер мы думаем пра тое, каб з’ехаць за мяжу, – кажа Вольга. – У нас дзеці, а ім катэгарычна нельга дыхаць свінцом. Спадзяемся, да людзей прыслухаюцца і не запусцяць заводу.

Іначай маё дзіця будзе грамадзянінам іншай краіны».

Расклад варты актывістаў. Фота – Ірына Арахоўская

Кацярына Андрэева, Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў