Аляксандр Гелагаеў Адбрахацца ад расейскай базы, пераканаць заходніх генералаў. Місія магчымая?

гісторык, вайсковы аглядальнік

Аляксандр Лукашэнка не лічыць патрэбным размяшчаць расейскую вайсковую базу ў Беларусі, нават на фоне планаў Злучаных Штатаў і Польшчы стварыць форт Трампа побач з нашаю краінаю. Прыемныя словы для заходніх вушэй ці сапраўдны курс уладаў Беларусі? Павераць ім на Захадзе ці не?

Крымскі прэцэдэнт

«Сёння я нават не бачу нейкай неабходнасці прыцягваць іншую дзяржаву на тэрыторыю Беларусі, у тым ліку Расею, для выканання нашых функцыяў. Вось чаму мы катэгарычна супраць размяшчэння пагатоў базы вайскова-паветраных сілаў…» – сказаў Лукашэнка на сустрэчы з групай амерыканскіх аналітыкаў у ваенна-палітычнай сферы.

Лідар Беларусі заявіў, што нашая краіна аднаўляе нармальныя стасункі з ЗША, падтрымлівае добрасуседскія сувязі з Еўрапейскім Звязам, пашырае партнёрства з NATO. Такім чынам, дынаміка Беларусі, паводле яго, – рух у бок Захаду. Да пэўнай – «нармальнай» – рысы. Якая не будзе занадта раздражняць Маскву.

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў у Крыме 9 сакавіка 2014 года. Крыніца – wikipedia.org

Расейскія вайсковыя базы сталіся фактарам небяспекі ў нашым рэгіёне ў 2014 годзе, калі менавіта карыстаючыся імі Масква анексавала Крым. Тады з расейскіх базаў выйшлі жаўнеры без апазнавальных знакаў, якія ў афіцыйнай маскоўскай прапагандзе фігуравалі як самаабарона Крыму, захапілі адміністрацыйныя будынкі, тэлебачанне, камунікацыйныя цэнтры, блакавалі ўкраінскія вайсковыя аб’екты.

Дэзарыентаваныя ўнутраным палітычным крызісам украінскія вайскоўцы, якія ў значнай ступені былі пад уплывам расейскай прапаганды, а таксама не атрымлівалі з Кіева адназначных загадаў, фактычна здалі паўвыспу праціўніку.

– Я не сказала «так», мілорд. – Вы не сказалі «не»

У існасці Беларусь цяпер спрабуе застацца як бы па-над канфліктам Захаду і Масквы – «мы за мір ува ўсім свеце». У гэткай пазіцыі ёсць слабасць, бо розным бакам канфлікту даводзіцца казаць не зусім аднолькавыя словы. У прыватнасці – адносна базы.

Як вядома, Расея заяўляла пра планы стварыць сваю базу вайскова-паветраных сілаў у Беларусі яшчэ ў 2013 годзе, а ў 2015-ым прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін аддаў загады міністэрствам абароны і замежных справаў падпісаць пагадненне пра стварэнне расейскай базы на беларускай тэрыторыі. Аднак тут Менск праявіў рэдкую трываласць і дасюль усяляк адпіхвае ад сябе «братнія» прапановы абараняць Беларусь расейскімі рукамі.

Камандас МУС РБ адбіваюць будынак, захоплены «баевікамі». Крыніца – «Ваяр»

Расеі беларускі МЗС і прапаганда кажуць: у нас і так агульная групоўка сілаў ды сродкаў, навошта нам вашыя лётчыкі і самалёты, лепш дапамажыце матэрыяльна, то бок дайце нам самалёты, мы самі імі будзем нашае неба абараняць.

У гэтым кантэксце даволі знакавымі выглядаюць агучаныя Беларуссю ў 2017 годзе планы набыць 12 расейскіх знішчальнікаў Су-30СМ, кожны з якіх будзе каштаваць нашай краіне ад $ 35 млн да $ 50 млн. То бок набыццё гэтых самалётаў будзе роўнае як мінімум палове гадавога бюджэту беларускага Міністэрства абароны. Назіральнікі ў 2017 годзе казалі, што такім чынам Менск спрабуе паказаць Маскве, што і беларускіх сілаў хопіць для кантролю беларускай паветранай прасторы. Пачатку паставак чакаюць у 2019 годзе.

На меркаванне «Air Forces Monthly», гэты Су-27, які цяпер выкарыстоўваюць амерыканскія лётчыкі ў трэнаваннях для супрацьстаяння расейскай авіяцыі, раней належаў Беларусі

Але да паставак і ўвогуле можа не дайсці, бо супраць Расеі дзейнічае эмбарга на пастаўку камплектавальных для ваенна-прамысловага комплексу. Такім чынам і Масква можа не здолець выканаць кантракту, і Менск можа знайсці прычыны ўвогуле адмовіцца ад дарагіх самалётаў.

У прынцыпе гэтыя дзеянні адпавядаюць словам Лукашэнкі перад заходнімі экспертамі – з адным, але вельмі вялікім «але», – а ці лічаць гэтыя эксперты беларускую армію самастойнай ад Масквы і цалкам падкантрольнаю Менску?

Сімволіка і партрэты супраць словаў

Сутнасцю прамовы Лукашэнкі было тое, што Беларусь – маладая незалежная дзяржава, якая праводзіць самастойную вонкавую палітыку і мае ўзважаную прагматычную пазіцыю ў шырокім спектры праблемных пытанняў міжнароднай бяспекі.

Адзначым, што ў складзе групы аналітыкаў, якія наведалі Беларусь, былі былы камандуючы войскамі ЗША і NATO ў Еўропе генерал у адстаўцы Бэн Годжэз, былы адказны Міністэрства абароны ЗША па Расеі, Украіне, Еўразіі ды Балканах Майкл Карпэнтэр, эксперт аналітычнага цэнтру «RAND Corporation» Брус МакКлінтак, былы кансультант Пэнтагону і выведкі ЗША Ґлэн Гаўард.

Профіль расейскага военачальніка на шаўроне Менскай сувораўскай вучэльні

Заўважым, што не толькі амерыканскія ўрадоўцы, але і афіцэры як правіла атрымліваюць шырокую ўніверсітэцкую адукацыю ў сферы эканомікі, гісторыі, кіравання ды культуры: гэтым яны якраз адрозніваюцца ад прафесійных прапаршчыкаў і сяржантаў, якія ў існасці высакаякасныя, але проста тэхнічныя спецыялісты.

Наўрад ці гэтых людзей можна лёгка падмануць. Такім чынам, калі казаць шчыра, запланаванае наведанне аналітыкамі дзяржаўнага музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Менскай сувораўскай вучэльні хутчэй за ўсё пакажа ім, наколькі ментальна залежнай ад Масквы пакуль застаецца беларуская вайсковая адукацыя.

Тут яшчэ ўладам Беларусі ёсць над чым працаваць.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары