Абвастрэнне на Данбасе: за два дні загінула чацвёра ўкраінскіх вайскоўцаў


Напярэдадні так званых выбараў кіраўніцтва ДНР і ЛНР на фронце загінулі чацвёра ўкраінскіх байцоў: двое 9 лістапада ў выніку стральбы снайпераў, 10 лістапада – ў выніку падрыву на выбуховым прыстасаванні.

Як паведамляе прэс-цэнтр Аперацыі аб’яднаных сілаў (гэтак цяпер афіцыйна называецца ваенная аперацыя ўкраінскіх сілавікоў на Данбасе), цягам 9 лістапада баевікі дзевяць разоў адкрывалі агонь па ўкраінскіх пазіцыях, пры гэтым тройчы выкарыстоўвалася ўзбраенне, забароненае менскімі дамоўленасцямі. Абстрэлы вяліся са 120-мм мінамётаў, гранатамётаў, буйнакаліберных кулямётаў і стралковай зброі. Паводле ўкраінскай выведкі, 9 лістапада ў баю загінула двое баевікоў і яшчэ двое атрымалі раненні.

Цягам 10 лістапада па пазіцыях украінскіх вайскоўцаў адкрывалі агонь 10 разоў, у тым ліку з 82-мм і 120-мм мінамётаў. Найбольш моцныя абстрэлі назіраліся каля Марʼінкі. На Светладарскім напрамку ўкраінскія жаўнеры падарваліся на міне – двое вайскоўцаў загінулі, яшчэ двое атрымалі ранення. Паводле прэс-цэнтру ААС, з боку баевікоў загінуў адзін чалавек і яшчэ 8 атрымалі ранення.

У сваю чаргу на інфармацыйных рэсурсах баевікоў у парушэнні рэжыму спынення агню вінавацяць украінскіх вайскоўцаў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў