Аб’яднаць беларусаў у няпростыя часы. «Спяваем годна» выпусціла новае відэа на спеў «Што й па мору»


Беларусы з розных краін свету заспявалі онлайн разам народную карагодную песню «Што й па мору».

Спеў стаў часткай штотыднёвага музычнага праекту «Спяваем Годна», які грамадская кампанія «Годна» запусціла разам з музыкам Сержуком Доўгушавым, лідарам гурта “Vuraj” і стваральнікам ініцыятывы «Спеўны сход».

У чарговым роліку праекту была прэзентаваная беларуская карагодная песня «Што й па мору».

У запісе ўдзельнічалі больш за 20 беларускіх фальклорных калектываў і сольных выканаўцаў: гурты «Варган», «Рада», «Gudа», «VOLYA» (ЗША), «Яваровыя людзі» (Канада), «Мярэжа», «Беларусы Прыбайкалля», H.S.P, Антон Бельскі (дуда), «Гаманіна», гурт з вёскі Дзятлавічы, Сяржук Доўгушаў (колавая ліра), Маша Яр, Вераніка Круглова, маладыя выканаўцы Улада і Соф’я, Патрыцыя Свіціна, Лізавета Рэўт і іншыя.

У каментары belsat.eu спявачка гурта «Gudа» Вікторыя Радзіеўская адзначыла, што песня «Што й па мору» была ўзноўленая па нотах у свой час Вольга Емяльянчык, якая разам з Вікторыяй Міхно таксама стаяла ля вытокаў гурта.

«Калі збіралі матэрыял, да іх трапіла гэтая песня. Яе вельмі доўга спявала і сама «Gudа», і тыя гурты, якія мелі дачыненне да традыцыйных спеваў. Потым яе выконвалі нават палякі, з’яўляліся напластаванні іншых традыцыяў. Так што, гэта адна з самых папулярных беларускіх песняў, якая вядомая нават за межамі», – распавяла суразмоўца.

Калі гэты спеў «Што й па мору» быў абраны для праекту «Спяваем годна», то і «Gudа», да рэпертуару якой належыць песня, вырашыла далучыцца. Спявалі яны яе разам з Вольгай Емяльянчык, якая зараз прадстаўляе полацкі гурт «Варган».

«Мы гэтую песню заўжды спяваем, праўда, паводле сезонаў. Аднак атрымалася трошкі не па сезоне, бо гэтая песня веснавая. Але яна папулярная, добрая, і шмат народу далучылася», – распавяла Вікторыя Радзіеўская.

Удзельнічаць можа кожны

Раней удзельнікі праекту «Спяваем годна» ўжо запісалі з Лявонам Вольскім «Паветраны шар»:

Са Змітром Вайцюшкевічам «Я нарадзіўся тут»:

А таксама праспявалі гімн «Пагоня»:

Як адзначыў адзін з кіраўнікоў праекту музыка Сяржук Доўгушаў, ідэя «Спяваем годна» – выконваць песні ўсім разам з мэтай «яднання беларусаў у такія няпростыя часы».

«Захацелася выканаць нашыя спевы з вядомымі музыкамі – Лявонам Вольскім, Змітром Вайцюшкевічам, заспяваць наш гімн «Пагоня», каб прагучала і народная песня. Ну і зараз мы вырашаем, што будзе далей – якія будуць песні», –распавёў ён пра рэпертуар праекту.

Удзельнічаць у праекце можа любы ахвотны. Для гэтага на старонках «Спеўнага сходу» і «Годна» ў сацыяльных сетках ды ў тэлеграм-канале кампаніі публікуецца адпаведная інфармацыя з відэа ці тэкставай інструкцыяй. Пасля відэа розных людзей аб’ядноўваецца ў адно выніковае.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў