77-ы дзень пратэстаў. Марш жанчын і званок Пампэа


У Беларусі 24 кастрычніка прайшоў 77-ы дзень няспынных паслявыбарных пратэстаў супраць Аляксандра Лукашэнкі. Ён стаў апошні перад заканчэннем ультыматуму, які высунула Святлана Ціханоўская.

Горды жаночы марш прафесій. Менск, Беларусь. 24 кастрычніка 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Галоўнай падзеяй пратэставага дня стаў Горды жаночы марш прафесіяў, які пачаўся ад скверу імя Сімона Балівара і скончыўся на праспекце Незалежнасці. Некалькі соцень жанчын прайшліся калонай па галоўных вуліцах беларускай сталіцы, а пасля пачаўся дэмарш – замест вялікай калоны ўдзельніцы разышліся невялікімі групамі.

Вядома пра затрыманне больш як 20-і чалавек, у тым ліку журналістаў брытанскага каналу Sky News.

Горды жаночы марш прафесіяў. Менск, Беларусь. 24 кастрычніка 2020 г.
Фота: «Белсат»

Жаночы марш прайшоў таксама ў Горадні. Апроч таго, пратэставыя акцыі прайшлі ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, розных гарадах па ўсёй краіне, а завяршыўся дзень цяпер ужо традыцыйнымі вечаровымі сустрэчамі і канцэртамі ў дварах.

Раніцай з Менску таксама сабраўся праўладны аўтапрабег. На гэты раз каля ста машын, у іх ліку і здымачная група ОНТ, накіраваліся ў Магілёў. Таксама ў Менску ўвечары сабралася паўтары дзясятка прыхільнікаў Лукашэнкі.

Альтэрнатыўны мітынг 24 кастрычніка.
Фота: belsat.eu

Стала вядома, што на самаізаляцыю сышла Святлана Ціханоўская. Прычына – каронавірус у кіраўніка МЗС Славеніі, з якім яна сустракалася на гэтым тыдні. На днях таксама ковід быў выяўлены ў сябра Прэзідыума Каардынацыйнай рады Паўла Латушкі.

Увечары дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэа стэлефанаваўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле звестак беларускіх уладаў, бакі абмеркавалі «лёс аднаго з грамадзянаў ЗША і Рэспублікі Беларусь». Магчыма, гаворка ідзе пра палітвязня Віталя Шклярава.

Лукашэнка ў размове з Пампэа заявіў, што РФ з’яўляецца галоўным саюзнікам Беларусі і адзначыў падтрымку Масквы ў цяперашні перыяд. Пры гэтым ён падкрэсліў, што РФ не ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі, але краіны гатовыя сумесна рэагаваць на вонкавыя пагрозы. Лукашэнка таксама «праінфармаваў суразмоўцу аб нацыянальным дыялогу, які цяпер актыўна вядзецца ў Беларусі».

Горды жаночы марш прафесій. Менск, Беларусь. 24 кастрычніка 2020 г.
Фота: ТК / Белсат

Што за такі дыялог, невядома. Сілавікі ж між тым распавядаюць пра новыя крымінальныя справы – за блакаванне дарогі ў Менску і за канфлікт паміж байкерамі і міліцыянтамі. Падазраваныя затрыманыя.

У нядзелю ў Беларусі чакаецца традыцыйны вялікі марш. Таксама заўтра ўвечары сканчаецца час ультыматыму Святланы Ціханоўскай. Пакуль улады не выканалі ніводнага патрабавання. У такім выпадку палітык абяцала ўсенацыянальную забастоўку і масавы пратэст.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў