40 дзён пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Справа не распачатая. У краіне праходзяць акцыі памяці


21 снежня – 40 дзён пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Справы ў дачыненні вінаватых ў яго смерці, няма. Але ёсць справы ў адносінах да тых, хто патрабаваў закону і гэту справу завесці.

Аакцыя памяці Рамана Бандарэнкі ў Берасці.
Фота: чытачы belsat.eu

Раман Бандарэнка загінуў 12 лістапада. Ён – мастак, адзін з жыхароў плошчы Пераменаў.

Увечары 11 лістапада ў двары Пераменаў адбыўся канфлікт з невядомымі ў цывільным, у якім Раман нават не ўдзельнічаў. Невядомыя зразалі чырвона-белыя стужкі.

У адказ на нейкую рэпліку Рамана пачалі збіваць і потым зацягнулі ў бусік. Збілі яго так моцна, што ён памёр не прыходзячы ў прытомнасць.

Па відэазапісах і злівах аўдыёзапісаў было высветлена, што да нападу на Рамана маюць дачыненне кікбаксёр Дзмітрый Шакута і бізнэсовец і хакейны трэнер Мікалая Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў. Да рэйдаў па дварах таксама меркавана мае дачыненне прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Hавiны
У Менску развітваюцца з Раманам Бандарэнкам
2020.11.20 10:58

Крымінальная справа па факту гібелі Рамана Бандарэнкі, як і іншых ахвяр міліцэйскага гвалту – Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Генадзя Шутава ды іншых, да гэтай пары няма.

Затое ёсць зусім іншыя справы.

Журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч – справа за разгалошанне нібыта медычнай таямніцы, што Раман Бандарэнка быў цвярозым.

Доктар Арцём Сарокін – таксама справа за разгалошанне нібыта медычнай таямніцы, што Раман Бандарэнка быў цвярозым.

Журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова – крымінальная справа за стрым з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі (згодна з афіцыйнай версіяй, удзел у масавым мерапрыемстве).

Сёння на 7 содняў на Акрэсціна адправілі фатографа «Нашай Нівы» Шуру Піліповіч-Сушчыц. Арышт – за асвятленне акцыі памяці Рамана Бандарэнкі (згодна з афіцыйнай версіяй, удзел у масавым мерапрыемстве).

Сёння ў краіне ўшаноўваюць памяць Рамана Бандарэнкі.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў