Беларусь працягне выплачваць даўгі заходнім краінам у беларускіх рублях


Падчас сустрэчы 31 кастрычніка з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што краіна працягне выплачваць свае даўгі заходнім партнёрам, але толькі ў беларускіх рублях і на асобныя рахункі. Таксама на сустрэчы прысутнічалі першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, старшыня КДК Васіль Герасімаў і кіраўніца Белстату Іна Мядзведзева.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Раманам Галоўчанкам 31 кастрычніка.
Фота: president.gov.by

«Яны адмовіліся прымаць валюту з Беларусі. Добра, тады мы ім прапанавалі беларускі рубель. Яны таксама адмовіліся. Таму было маё даручэнне, што па даўгах трэба плаціць, але ў беларускіх рублях мы на асобныя рахункі залічваем гэтыя плацяжы. Саспеюць для таго, каб мы з імі разлічыліся, – калі ласка. Не саспеюць – што ж», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка зазначыў, што апошнім часам бачны эканамічны рост, але ў цэлым з беларускай эканомікай усё не так добра, як кажуць. Ён прызнаў, што праблемы ёсць на вялікіх прадпрыемствах і яны звязаны ў тым ліку з санкцыямі. Лукашэнка заявіў, што ўлады ведаюць пра гэтыя праблемы, а каб кіраўнік урада нічога не схаваў, ён паклікаў на сустрэчу кіраўнікоў КДК і Белстату.

Таксама Лукашэнка нагадаў, што паставіў задачу забяспечыць аб’ём ВУП на ўзроўні не ніжэйшым, чым летась, але, па ягоных словах, нядрэнна было б і перасягнуць яго. Аднак уцэлым з пачатку года ВУП Беларусі знізіўся на 4,7%, у верасні зніжэнне ВУП склала 3,3%.

Аналітыка
Намеснік міністра хацеў сказаць, што з эканомікай усё не так кепска. Статыстыка кажа пра іншае
2022.08.22 21:37

Раней Сусветны банк заявіў, што Беларусь не выконвае абавязкаў і не разлічваецца за крэдыты ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і развіцця. У адказ Міністэрства фінансаў нашай краіны пярэчыць і сцвярджае, што крэдыты аплочваюцца. Але ведамства нагадвае, што супраць уладаў Беларусі Захад увёў санкцыі, якія не даюць магчымасці праводзіць разлікі ў еўрах і доларах ЗША. У сувязі з гэтым беларускія чыноўнікі прынялі дакумент, які прадугледжвае «часовы парадак выканання абавязкаў па вонкавых дзяржаўных пазыках, атрыманых ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця, Паўночнага інвестыцыйнага банку, у беларускіх рублях».

Таму чыноўнікі ў Мінфіне сцвярджаюць, што крэдыты аплачваліся, паколькі ў красавіку-кастрычніку пералічвалі плацяжы на асобны бягучы рахунак у беларускіх рублях, створаны ў ААТ «ААБ Беларусбанк». А выплаты ў валюце абмежаваныя.

Каментар
Штрафы і ўдар па рэпутацыі: што азначае заява Сусветнага банку пра адмову Беларусі плаціць па крэдытах
2022.10.18 14:28

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў