Улады Крыму хочуць наладзіць чыгуначнае злучэнне з Беларуссю да пачатку лета


Да летняга курортнага сезону ўлады анексаванага Крыму маюць намер наладзіць чыгуначнае злучэнне паміж паўвостравам і Беларуссю. Пра гэта распавёў «віцэ-прэм’ер» анексаванага Крыму Георгій Мурадаў, паведамляе ТАСС.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Гэта звязана не з тым, каб запусціць цягнік, гэта звязана з тым, хочуць людзі ехаць у Крым ці не хочуць. Пакуль яшчэ сезон не пачаўся, але неаднаразова нам пацвярджалі гатовасць новыя вагоны паставіць да цягнікоў, якія ідуць у расейскія гарады: Маскву, Варонеж. Калі ёсць ахвочыя ехаць у Крым, адпаведна, гэта будуць вагоны, якія будуць перачэплівацца на цягнік, які ідзе ў Крым. Калі людзей будзе яшчэ больш, могуць быць і асобныя цягнікі», – сказаў Мурадаў.

Таксама «віцэ-прэмʼер» дадаў, што перашкодаў з гэтым няма, пытанне толькі ў тым, як цяпер будзе развівацца сітуацыя з турызмам.

«Мы разумеем выдатна, што ў цяперашніх умовах магчымасці турыстычныя зніжаюцца праз пагрозы на адрас Крыму і спробы арганізаваць нейкі напад на Запарожжа і Херсоншчыну. Мы, вядома, упэўненыя і разлічваем, што будзе дадзены годны адказ», – дадаў Мурадаў.

Нагадаем, з канца траўня 2022 года на маршруце Масква – Сімферопаль курсаваў штодзённы цягнік, які праязджаў праз Менск. Тады паведамлялася, што ў беларускай сталіцы да цягніка будуць прычапляць пасажырскія вагоны.

Краіны Захаду лічаць Крым анексаванай тэрыторыяй і не прызнаюць яго расейскім. Таксама, згодна з украінскім заканадаўствам, пры наведванні анексаванага Крыму праз тэрыторыю Расеі Украіна можа ўнесці такога наведніка ў чорны спіс і забараніць яму ўезд на сваю тэрыторыю на некалькі гадоў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў