Да ўдзелу ва Ўімблданскім тэнісным турніры дапусцяць беларусаў і расейцаў


Ўімблданскі турнір пройдзе з 3 да 16 ліпеня 2023 года ў Лондане. Арганізатары спаборніцтва адмянілі забарону на ўдзел для беларускіх і расейскіх спартоўцаў, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: gettyimages

Тэнісістам з Беларусі і Расеі будзе дазволена выступаць у якасці нейтральных спартоўцаў. Допуск датычыць таксама брытанскіх турніраў, якія традыцыйна праходзяць перад Ўімблданам, – серыі «Queen’s» і турніру ў Істбарне.

Рашэнне зняць забарону, уведзеную ў 2022 годзе, было «надзвычай складаным», заявіў Іян Г’юіт – старшыня Усеанглійскага клубу лон-тэнісу і кракету (AELTC), які займаецца арганізацыяй турніру.

Для ўдзелу спартоўцы з Расеі і Беларусь будуць павінны падпісаць дэкларацыю аб нейтралітэце. Ім будзе забаронена выказваць падтрыманне расейскаму ўварванню ва Украіну, а таксама рэжымам і лідарам Беларусі і Расеі. Тэнісісты, якія атрымліваюць фінансаванне ад дзяржавы, у тым ліку тыя, якія фундуюцца дзяржкампаніямі, не будуць дапушчаныя да турніру.

У 2022 годзе Ўімблдан трапіў пад шквал крытыкі за рашэнне цалкам забараніць удзел расейскіх і беларускіх спартоўцаў на фоне вайны ва Украіне. Першыя тэнісісты свету асудзілі гэтае рашэнне. Міжнародныя тэнісныя асацыяцыі ATP і WTA пазбавілі турнір рэйтынгавых пунктаў, якія прысуджаюцца спартоўцам за перамогу ў кожным коле. Ўімблдан фактычна быў абвешчаны выставачным турнірам, вынікі якога не ўплываюць на рэйтынг спартоўцаў.

Hавiны
Украіна будзе байкатаваць спаборніцтвы з удзелам спартоўцаў з Расеі і Беларусі
2023.03.31 08:58

Ўімблданскі турнір ці Ўімблдан – міжнародны тэнісны турнір, адзін з чатырох турніраў «Вялікага шлема». Праводзіцца з 1877 года на травяных кортах Усеанглійскага клубу лон-тэнісу і кракету. З 1988 года гэта адзіны турнір серыі «Вялікага шлема», які праходзіць на травяных кортах.

Ўімблданскі турнір сёння не толькі спартовы, але і міжнародны культурны феномен. Традыцыйнымі колерамі Ўімблдану ёсць зялёны і пурпурны. Тэнісісты павінны выступаць на гульнях у адзенні толькі белага колеру.

Міжнародны алімпійскі камітэт таксама рэкамендаваў вяртаць расейскіх і беларускіх спартоўцаў у нейтральным статусе, аднак толькі ў індывідуальных спаборніцтвах, а не ў камандавых відах спорту. Міжнародная федэрацыя фехтавання дазволіла ўдзел у сваіх спаборніцтвах расейцам і беларусам.

Украіна заявіла, што будзе байкатаваць усе спаборніцтвы, у якіх будуць удзельнічаць расейцы і беларусы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў