Прыніжаная Еўропа

Арышты і абвінавачванні ў адрас кіраўніцтва і актывістаў незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі трэба разглядаць у кантэксце агульнай палітыкі тэрору, якую рэалізуе рэжым Лукашэнкі. Апошні рэгулярна дэманструе, што для яго няма ніякіх межаў, і наўпрост кідае выклік Захаду, як гэта робяць рэжымы-ізгоі або тэрарыстычныя дзяржавы.

Фактычна, тое, што адбылося з СПБ, – гэта палітычная экзекуцыя на вачах у Еўропы і ЗША, гэта пасланне, якое падкрэслівае, што Захад нямоглы перад бязмежжам, якое адбываецца ў Беларусі. А гэта значыць, дыктатарская ўлада можа і далей разгортваць тэрор унутры краіны.

Справа палякаў Беларусі – гэта чарговы правал еўрапейскай (заходняй) стратэгіі стрымлівання аўтарытарызму. Такіх правалаў было некалькі:

  • арышты ўдзельнікаў электаральны кампаній;
  • разгон, катаванні, забойствы пратэстоўцаў;
  • паказальнае забойства Рамана Бандарэнкі.
  • палітычныя судовыя працэсы.
Меркаванні
Пасля Дня Волі: сцэнары для ўлады і апазіцыі
2021.03.28 13:10

І як працяг – справа СПБ. І гэта толькі, што тычыцца Беларусі, не кажучы пра поўную бездапаможнасць Захаду ў пытанні атручвання Аляксея Навальнага і судовага прысуду яму. Мы бачым, што беларускі і расейскі аўтарытарызмы кансалідуюцца, уводзячы па сутнасці таталітарныя практыкі ў палітычным кіраванні, тады як Захад абсалютна бяссільны ва ўздзеянні на гэтыя сістэмы. Больш за тое – працягвае развіваць эканамічнае і нават палітычнае супрацоўніцтва. Тое, што мы назіраем – сур’ёзны крызіс і слабасць дэмакратый у барацьбе з аўтарытарызмам.

Цяпер самы час, каб Вашынгтон і Брусель пайшлі на самыя жорсткія крокі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, а не абмяжоўваліся паўмерамі і нічога не значнымі дэкларацыямі:

  1. Спыніць усялякія афіцыйныя адносіны з тэрарыстычнай уладай да моманту, пакуль не будуць створаныя ўмовы для транзіту.
  2. Абмежаваць дыпламатычныя адносіны з рэжымам, адклікаць паслоў з Беларусі да моманту, пакуль не будзе спынены тэрор.
  3. Уладзімір Макей, які займае пасаду міністра замежных справаў Беларусі, не можа ўспрымацца як прадстаўнік краіны і павінен быць унесены ў «чорны спіс».
  4. Усё вышэйшае кіраўніцтва краіны павінна быць пажыццёва ўнесенае ў чорны спіс або да таго часу, пакуль яны не панясуць адпаведнае пакаранне за ўдзел у рэалізацыі палітыкі тэрору ў Беларусі.
  5. Павінна быць створаная міжнародная камісія (трыбунал) па пытаннях тэрору і рэпрэсій у Беларусі.

Гэта той мінімум, які Еўропа павінна рэалізаваць на дадзены момант. У канчатковым выніку, заходнія палітыкі павінны выразна ўсведамляць, што аўтарытарныя рэжымы – гэта асноўная пагроза стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне. Яны заўсёды будуць заставацца крыніцамі пагрозы і крызісаў.

Меркаванні
Атака на палякаў будзе каштаваць дорага
2021.03.27 11:21

На жаль, няма ніякіх падставаў сцвярджаць, што Еўропа ў стане выпрацаваць і пачаць рэалізоўваць жорсткі падыход у адносінах да рэжыму Лукашэнкі. Калі гэтага не было зроблена ў перыяд крывавых падзей жніўня–верасня 2020 года, то не будзе зроблена і цяпер, калі цікавасць да Беларусі паступова згасае.

Таму тэрор у Беларусі будзе працягвацца. Хутчэй за ўсё для ідэалагічнага суправаджэння следства, улады будуць выкарыстоўваць матыў барацьбы з фашызмам і экстрэмізмам, у надзеі, што гэта абудзіць і мабілізуе «патрыятычныя сілы». У гэтым сцэнары, які шмат у чым падобны на інфармацыйныя ўкіды ва Украіне, не хапае адпаведных «ахвярапрынашэнняў» або «укрыжаваных хлопчыкаў». Але ўпэўнены, што з польскага актыву беларускія прапагандысты (магчыма, з дапамогай расейскіх братоў) будуць ствараць крывавых монстраў, якія рэалізуюць таемную змову па знішчэнні беларусаў і развалу Расеі.

Зразумела, што «польская карта» мае выразнае геапалітычнае вымярэнне. Палітычная і дыпламатычная вайна з Захадам, Польшчай у прыватнасці, павінна ўмацаваць прапагандысцкае сцвярджэнне, што пратэсты ў Беларусі, актывізацыя грамадства – гэта план па захопу краіны.

Hавiны
Прэзідэнт Польшчы шукае міжнароднага падтрымання для абароны польскай меншасці ў Беларусі
2021.03.29 11:59

У сваю чаргу, канфлікт у цэлым Менск пастараецца «прадаць» Маскве з тым, каб прадставіць сябе як абаронцу інтарэсаў Расеі, каб атрымаць чарговы пакет дапамогі.

Зусім не важна, ці будзе гэта мець хоць нейкі эфект, гэта традыцыйная форма мыслення, логікі Лукашэнкі і ягонага атачэння.

На дадзеным этапе беларускі рэжым імкнецца прадэманстраваць лаяльнасць Крамлю, умацаваць тэрарыстычны апарат і ліквідаваць актывізацыю грамадства ў бліжэйшы перыяд.

Павел Усаў /ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў