Украінскі дрон атакаваў НПЗ у Санкт-Пецярбургу


У Санкт-Пецярбургу ў ноч на 31 студзеня на тэрыторыі заводу «Неўскі мазут» упаў беспілотнік. Паводле медыяў, гэта была аперацыя ГУР Міністэрства абароны Украіны.

Як піша выданне «Фонтанка», у 4:20 БПЛА быў абстраляны над Колпіна з ЗРК С-400. Але з першага разу знішчыць дрон не ўдалося, ён паляцеў далей. Падбіты беспілотнік кружляў яшчэ паўгадзіны і а 4:50 упаў на тэрыторыі «Неўскага мазуту» на Глухаазёрскай шашы. Пасля выбуху загарэліся цыстэрны, якія змаглі аператыўна патушыць. Таксама, мяркуючы са сведчанняў відавочцаў, былі пашкоджаныя аўтамабілі і пабудовы.

Як адзначае выданне, гэта першы выпадак, калі сілы СПА выкарыстоўваліся супраць беспілотніка ў Пецярбургу.

«РБК-Украіна» са спасылкай на крыніцу ў спецслужбах паведаміла, што «Неўскі мазут» быў атакаваны дронам ГУР Мінабароны Украіны.

«Паказальна ўласна тое, што для паражэння нашых дронаў яны выкарыстоўвалі менавіта С-400. Вельмі цікава, як працуе расейская СПА, паколькі пасля нібыта збіцця дрона ён усё роўна ўпаў на тэрыторыю нашай цэлі», – зазначыла крыніца выдання.

Губернатар Пецярбургу Аляксандр Бяглоў нічога не сказаў пра беспілотнік і працу СПА, а замест гэтага паведаміў пра «гучныя хлапкі» і нейкі «інцыдэнт». «Пацярпелых няма. Істотнай шкоды маёмасці не прычынена», – заявіў Бяглоў.

Hавiны
У Расеі гарэў тэрмінал звадкаванага газу. Як мяркуецца, з-за атакі дронаў
2024.01.21 16:03

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў