Беларусь апусцілася на 9 пазіцыяў у рэйтынгу ўспрымання карупцыі


Арганізацыя «Transparency International» прадставіла свой штогадовы рэйтынг успрымання карупцыі «Corruption Perceptions Index 2022», у якім Беларусь пагоршыла пазіцыі ў параўнанні з папярэднім даследаваннем на 9 пунктаў.

Скрыншот: transparency.org

Усяго ў глабальны Індэкс успрымання карупцыі за 2022 год увайшлі звесткі пра 180 дзяржаваў і тэрыторыяў планеты. Кожную краіну ацэньваюць паводле ўзроўню карупцыі, які ўспрымаецца жыхарамі, у дзяржаўным сектары праз шкалу ад 0 да 100, дзе менш за ўсё пунктаў прысвойваецца найбольш карумпаваным краінам.

У новым рэйтынгу Беларусь заняла 91-е месца. У 2021 годзе – 82-е месца. У 2020 годзе Беларусь была на 63-м месцы. У «Corruption Perceptions Index 2019» Беларусь займала 66-е месца.

Цяпер Беларусь суседнічае з Калумбіяй, Тунісам і Сурынамам.

Першай у спісе стаіць Данія – яна набрала 90 балаў. У топ-10 таксама ўваходзяць Фінляндыя, Новая Зеландыя, Нарвегія, Сінгапур, Швецыя, Швейцарыя, Нідэрланды, Нямеччына і Ірландыя.

Сярод суседніх краінаў найлепшы вынік у Літвы (33-е месца), Латвіі (39-е месца) і Польшчы (45-е месца). Горш за ўсё з карупцыяй справы ідуць ва Украіне (116-е месца) і Расеі (137-е месца). Аднак Літва і Украіна палепшылі свае пазіцыі ў параўнанні з мінулым годам.

Найбольш карумпаванымі краінамі названыя: Самалі, Сірыя, Паўднёвы Судан, Венесуэла, Емен, Лівія, КНДР, Гаіці, Экватарыяльная Гвінея і Бурундзі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў