За выкарыстанне дронаў у Беларусі могуць увесці крымінальную адказнасць


У Беларусі разглядаецца пытанне больш жорсткай адказнасці за парушэнні парадку выкарыстання паветраных судоў звышлёгкай авіяцыі і беспілотных лятальных апаратаў, паведамляе выданне «Гомельскія ведамасці».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

У Гомлі і Гомельскай вобласці было зафіксавана больш за 15 парушэнняў выкарыстання паветраных судоў звышлёгкай авіяцыі і дронаў, паведамляе выданне. Па ініцыятыве Гомельскай транспартнай пракуратуры «правапарушальнікі» прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці.

Пілатаванне «самаробных лятальных канструкцыяў» у іншых рэгіёнах краіны скончылася смерцю пяці чалавек, а колькасць правапарушэнняў, звязаных з дронамі, нібыта працягвае расці. Таму «заканадаўцамі разглядаецца пытанне больш жорсткай адказнасці за парушэнні ва ўказанай галіне, аж да крымінальнай, з канфіскацыяй лятальнага апарату», паведамляе Гомельская транспартная пракуратура. Адным з прыярытэтаў сваёй працы ведамства зрабіла нагляд за «забеспячэннем бяспекі палётаў паветраных судоў, законнасці выкарыстання паветранай прасторы і прафілактыкі правапарушэнняў у дадзенай галіне».

Разбор
«Схавайце да лепшых часоў ці зламайце». Што рабіць беларусам, у якіх яшчэ застаюцца дроны
2023.12.29 20:09

Паводле гомельскага транспартнага пракурора Сяргея Казакевіча, сёлета незаконныя палёты беспілотнікаў здзяйсняліся над крытычна важнымі аб’ектамі, у месцах масавых збораў людзей, што нібыта стварала пагрозу грамадскай бяспецы.

«Трывогу выклікалі рызыкоўныя палёты на паветраных судах звышлёгкай авіяцыі – на самаробных лятальных апаратах падымаліся ў паветра людзі, якія не маюць пасведчання пілота, груба парушалі тэхніку пілатавання. Гэта прывяло да гібелі пяці чалавек», – распавёў пракурор і нагадаў, што ў верасні 2023 года быў прыняты Указ Лукашэнкі «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных беспілотных лятальных апаратаў».

Сярод іншага, указ забараняе фізічным асобам увозіць на тэрыторыю Беларусі цывільныя беспілотныя лятальныя апараты, а таксама вырабляць іх, захоўваць, прадаваць ці набываць і эксплуатаваць.

28 снежня набылі моц «іншыя палажэнні» ўказу Лукашэнкі ад 25 верасня, што забараніў фізічным асобам карыстанне беспілотнікамі. Гэтыя палажэнні не датычаць наўпрост грамадзянаў, а даюць распараджэнні органам улады ды рэгламентуюць далейшае выкарыстанне цывільных дронаў. Забарона на валоданне і абарот беспілотнікаў набудзе моц з 28 сакавіка 2024 года. Простаму чалавеку ў Беларусі будзе нельга мець і выкарыстоўваць любы лётны апарат, які можа быць кіраваны без чалавека на борце, а таксама запасныя часткі да іх – нельга мець нават разабраны дрон. Выключэнні зрабілі для цацачных шароў, паветраных змеяў і лётных цацак без дыстанцыйнага кіравання, а таксама для дзяржаўнай і эксперыментальнай авіяцыі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў