У Менскім каледжы паліграфіі для засялення ў інтэрнат сярод іншых дакументаў абавязкова патрабуюць пацвярджэнне сяброўства ў Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі. Аб гэтым «Белсату» паведаміў адзін з чытачоў.
Адпаведнае паведамленне прыйшло навучэнцам каледжу ад адміністрацыі. У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што ўсе ахвочыя засяліцца ў інтэрнат павінны падаць для засялення пакет з дакументаў: два фота, копію пашпарта, даведку аб месцы жыхарства і складзе сям’і, медагляд у фельчара, «плюс абавязкова сяброўства ў БРСМ».
Вядома, што падобныя патрабаванні сустракаліся ў беларускіх навучальных установах і раней: інтэрнаты ў першую чаргу вылучаліся актывістам і чальцам праўладных арганізацыяў. Але, падобна, такога, каб гэта было ў абавязковым парадку, не фіксавалася.
Тое ж самае адзначае і чытач «Белсату»: у мінулым годзе такога патрабавання ў Менскім каледжы паліграфіі не было.
Раман Шавель belsat.eu