На ўзбраенне ў беларускае войска паступіў чарговы камплект АТРК «Іскандэр-М»


Чарговы камплект «Іскандэраў» паступіў на ўзбраенне беларускай арміі, паведаміла прэс-служба Мінабароны Беларусі. Кошт «падарунка» з РФ зноў не быў названы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Транспартна-зараджальная машына комплексу «Іскандэр-М» з ракетамі. Крыніца: Boevaya mashina / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0

У апублікаваным ведамствам відэа прадстаўнік Узброеных сіл Беларусі адзначыў, што асабісты склад злучэння прайшоў у Расіі поўны курс навучання па прымяненні спецыяльнай баявой часткі ракет комплексу. Паведамляецца, што гэта «не апошні воінскі эшалон з лепшым у сваім класе чынам узбраення» – аператыўна-тактычным ракетным комплексам «Іскандэр-М».

На апублікваным Мінабароны відэа можна заўважыць 7 усталёвак. Там дадалі, што ў лютым 2023 года беларускія вайскоўцы прыступілі да поўнай самастойнай эксплуатацыі комплексу «Іскандэр».

Асноўнае прызначэнне ракетных комплексаў «Іскандэр» – знішчэнне сістэм супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, а таксама найважнейшых аб’ектаў, якія прыкрываюцца імі на адлегласцях да 500 км. З гэтых комплексаў Расія актыўна абстрэльвае тэрыторыю Украіны ў ходзе вайны.

Аляксандр Лукашэнка шмат гадоў заяўляў аб жаданні атрымаць «Іскандэры» для беларускай арміі, Расія гэтыя просьбы не задавальняла. Але ў траўні 2022 года Лукашэнка паведаміў, што дамовіўся з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным аб пакупцы «патрэбнай колькасці» «Іскандэраў».

У чэрвені таго ж года прэзідэнт РФ сказаў, што Расія «перадасць» Беларусі гэтыя ракетныя комплексы, якія здольныя несці ў тым ліку і ядзерную боегалоўку. У снежні Лукашэнка сказаў, што комплексы «Іскандэр» ужо паставілі на баявое дзяжурства.

Пра тое, колькі ўстановак атрымае беларускае войска, а таксама пра дэталі ўгоды афіцыйна не паведамлялася. Расійскія афіцыйныя асобы выкарыстоўваюць фармулёўку аб «перадачы», а не «продажы» комплексаў.

У 2016 годзе ў СМІ са спасылкай на экспертаў пісалі, што кошт адной брыгады «Іскандэр-М» (12 установак) можа складаць каля 200-300 мільёнаў долараў.

Аналітыка
Лукашэнка прыгразіў знішчыць мільён чалавек. Тлумачым, чаму, хутчэй за ўсё, гэта блеф
2023.06.14 19:42

belsat.eu

Стужка навінаў