Кіберпартызаны намацалі слабыя месцы Лукашэнкі. Інтэрвʼю з Юльянай Шэметавец


Беларускія кіберпартызаны – сіла нябачная і няўлоўная для Аляксандра Лукашэнкі і ягоных сілавікоў. Іх няшмат, яны дзеюць няяўна. Вынікі большасці іхных дыверсіяў у кіберпрасторы нам невядомыя. Яны не хваляцца ўсім, што робяць. Наколькі рэжым Лукашэнкі эфектыўны ў выкарыстанні сучасных тэхналогіяў супраць беларускага грамадства? Дзе ў сістэме ёсць слабыя месцы і куды трэба біць у першую чаргу? З Сяргеем Пелясою размаўляе прадстаўніца беларускіх партызанаў Юліяна Шэметавец.

Лукашэнкаўскія сілавікі і сам Лукашэнка амаль ніколі не прызнаюць, што сістэмы бяспекі ці нейкія камп’ютарныя сістэмы рэжыму атакавалі кіберпартызаны. Гэта адбываецца вельмі рэдка. Чаму так? Яны баяцца прызнаць факт, што ім супрацьстаяць беларускія кіберпартызаны?

Мы не можам улезці ў іхныя галовы і дакладна сказаць, чаму так адбываецца. Мы лічым, што ім не хочацца прызнаваць, што невялікая група беларусаў так паспяхова атакуе і руйнуе сістэмы рэжыму. Яны спрабуюць знайсці ці «крата», ці шпіёнаў, ці якія яны яшчэ адгаворкі выкарыстоўваюць. Зразумела, што ім не хочацца прызнаваць тое, што адбываецца, і тое, наколькі яны слабыя супраць беларускіх айцішнікаў.

Ці сапраўды сістэма Лукашэнкі ў сферы камп’ютарнай бяспекі слабая? Уся гісторыя трохгадовай барацьбы кіберпартызанаў пра што сведчыць? Наколькі цяжка змагацца з сістэмамі бяспекі рэжыму Лукашэнкі?

У першую чаргу ім не хапае якасных спецыялістаў. Шмат каго звальнялі пасля 2020 года. Зразумела, што яны не давяраюць людзям, прафесійным людзям, яны спрабуюць працаваць з лаяльнымі. А гэта не значыць, што ён будзе якасны спецыяліст. Па-другое, яны таксама выкарыстоўваюць старую сістэму і метадычкі. Калі кіберпартызаны ламалі чыгунку (гэта вядомы факт) – яны выкладалі скрыншот, што сістэма выкарыстоўвае «Windows XP», шмат неліцэнзійных праграмаў. Вядома, гэта паўплывае на бяспеку.

Трэба заўсёды ў такіх рэчах пачынаць з добрых спецыялістаў, што растлумачаць, якія праграмы трэба выкарыстоўваць, якія метады. Але на гэта ў рэжыму не хапае ні грошай, ні магчымасцяў, бо зразумела: навошта прафесійным людзям працаваць на дзяржаву і рэжым? Зразумела, калі нейкія праблемы будуць, яны ў першую чаргу будуць пад рызыкаю затрымання і нават скідвання адказнасці на іх. Рэжым любіць знаходзіць так званых кратоў і лічыць, што гэтыя айцішнікі, нават лаяльныя, прывялі да гэтай сітуацыі. Гэта вялікая рызыка для людзей – працаваць на рэжым цяпер.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Чалавечы фактар, адсутнасць якаснага кадравага рэсурсу, добрых спецыялістаў – ці галоўная іх праблема ў сферы кібербяспекі? Якія яшчэ ёсць праблемы? Вы ўзгадалі састарэлую «Windows XP», якой некалькі гадоў ужо не выкарыстоўваюць. Якія вы яшчэ заўважаеце слабыя месцы ў сістэмах бяспекі рэжыму Лукашэнкі?

Слабыя месцы паўсюль. Сістэма не захоўваецца паводле сучасных метадаў. Паўтаруся, што ў іх не хапае спецыялістаў, няма патрэбных тэхналогіяў. Іншыя слабыя, як і ў іншых структураў. Яны баяцца браць адказнасць, яны хутчэй не будуць нечага рабіць, каб адседзецца, як гэта адбываецца ў іншых структурах. Тады, зразумела, у кіберпартызанаў ёсць магчымасць зайсці ў сістэму. Менталітэт гэтых людзей, тое, як пабудаваная сістэма ў рэжыму, – гэта ўплывае і на сістэму бяспекі ў кантэксце камп’ютарных тэхналогіяў.

Агулам рэжым Лукашэнкі выглядае састарэлым, анахранічным. Возьмем ад пачатку – калгасная сістэма, так званы рынкавы сацыялізм, паўсюль прымус, войска, праца, ізаляванасць ад сучасных трэндаў. Калі штось ёсць тэхналагічнае, то гэта кітайскае найхутчэй. Я не кажу, што кітайскае – кепскае, але гэта не амерыканскія ці японскія развязанні. Гэтая несучаснасць рэжыму – прысуд рэжыму? Не кажу пра заўтра ці праз год, гэта можа заняць дзясяткі гадоў, але ў цэлым гэты рэжым коціцца ў прорву тэхналагічнага старэння і вы сваймі ўкусамі яго дабіваеце? Ці ёсць у яго шанец зрабіць прарыў і паспрабаваць абараніць сваю структуру, якую стварыў Лукашэнка на базе савецкай сістэмы?

Я думаю, вы вельмі добра апісалі сітуацыю. Мы згодныя, што сістэма каціцца і не адпавядае сучасным патрабаванням, спецыялістам і метадам, якія выкарыстоўваюцца ў камп’ютарных тэхналогіях і бяспецы. Гэта адбываецца і на заводах, і ў структурах, не звязаных з камп’ютарнымі тэхналогіямі, а папросту падыходамі і інструментамі, якія яны выкарыстоўваюць. Шмат чаго састарэлага. Гэта будзе ўплываць на жыццё і працу людзей. Можа, цяпер тое не так відавочна, але гэта будзе адбывацца. Мы бачым вынікі працы кіберпартызанаў. Яны робяць гэта больш хутка.

З іншага боку, яны спрабуюць вучыцца абараняць сістэмы ад атак. Мы нават жартуем, што цяпер некаторых бяспечнікаў патрэнуем, і калі зменіцца рэжым, то яны будуць працаваць на нас, з ведамі і досведам. Але гэтых людзей не хапае, не хапае разумення. Нават набываць тэхналогіі ў Расеі і Кітаі, – мы лічым, гэта не выправіць сітуацыі ні цяпер, ні праз пяць гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Такая тэндэнцыя будзе працягвацца ўва ўсіх сферах. Я думаю, гэта трэба разумець людзям, якія застаюцца ўнутры краіны і застаюцца працаваць унутры рэжыму. Я хачу дадаць, што яны ўсё роўна спрабуюць карыстацца на некаторых структурах ліцэнзіямі замежных краінаў. У кіберпартызанаў ёсць унікальная магчымасць бачыць у рэальным часе, бо яны ўнутры гэтых сістэмаў. Мы спрабуем звязвацца з гэтымі кампаніямі і распавядаць структурам, якія займаюцца санкцыямі, як рэжым абыходзіць гэтыя структуры. Тэндэнцыя дэградацыі ў шмат якіх рэчах відавочная.

Наколькі эфектыўна сілавікі, чыноўнікі, увогуле рэпрэсіўны апарат выкарыстоўваюць сучасныя лічбавыя тэхналогіі ў барацьбе супраць грамадства, сваіх апанентаў (гэта фактычна большасць беларускага грамадства)? Найлепшы прыклад – мы ведаем, што яны ўвесь час палююць на смартфоны. Сам чалавек для іх – толькі палова поспеху. Трэба атрымаць ягоны тэлефон. І калі хтосьці фізічна пазбаўляецца ад тэлефона, то фактычна на чалавека нічога няма. Хіба нейкі фотаздымак. Як паспяхова яны выкарыстоўваюць нейкія тэхнічныя вынаходствы для барацьбы супраць беларусаў?

У іх няма ніякіх супертэхналогіяў, якія яны выкарыстоўваюць, напрыклад, каб сачыць ці слухаць размовы беларусаў. Але яны эфектыўна выкарыстоўваюць простыя тэхналогіі: складанне базаў, куды яны ўручную збольшага запісваюць кантакты людзей, якіх яны затрымалі. Яны заўсёды праглядаюць «Тэлеграм», яны выпісваюць усе ID.

Большасць выпадкаў, калі людзі траплялі на пасадку і затрыманні, – праз тое, што фізічна здабывалі тэхніку і далей знаходзілі нейкі кампрамат.

Ці, напрыклад, ID чалавека быў выкарыстаны ў публічных каментарах ці захаваны ў перапісках у тэлефоне чалавека, якога ўжо затрымалі. Заўсёды мы раім вельмі сур’ёзна ставіцца да сваёй бяспекі і чысціць тэлефоны, выкарыстоўваць інструкцыі, «Партызанскі Тэлеграм», які кіберпартызаны распрацавалі.

Дзе яго можна знайсці?

«Партызанскі Тэлеграм», як і розныя інструкцыі, можна знайсці на Тэлеграм-канале «П-телеграм і Кибербезопасность», а спасылкі можна знайсці на асноўным канале кіберпартызанаў. Ён так і называецца – «Киберпартизаны». Усё ў «Тэлеграме». Таксама ў нас ёсць сайт, спасылкі можна знайсці і ў «Тэлеграме».

Калі ёсць боязь выкарыстоўваць «Тэлеграм», можна з VPN заходзіць на гэты сайт, калі вы ў Беларусі, і таксама здабываць усю інфармацыю пра «Партызанскі Тэлеграм» і інструкцыі, як чысціць тэлефон, як зрабіць другі акаўнт, як глядзець YouTube-відэа бяспечна, як данаціць бяспечна, як набываць віртуальныя нумары. Уся гэтая інфармацыя ёсць на каналах кіберпартызанаў, бо мы разумеем, што бяспека беларусаў унутры Беларусі – галоўная для нас задача.

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

Размаўляў Сяргей Пеляса belsat.eu

Стужка навінаў