Медыі: Ілан Маск адмовіўся ўключаць Starlink над Крымам. Пэнтагон вырашае гэтую праблему


Амерыканскі бізнесовец Ілан Маск адмовіў Збройным сілам Украіны, якія прасілі яго ўключыць спадарожнікавы інтэрнэт Starlink у раёне Крыму. Пра гэта паведамляе The New York Times са спасылкай на свае крыніцы.

Сістэма спадарожнікавага інтэрнэту Starlink.
Фота: space.com

Паводле выдання, Ілан Маск неаднаразова абмяжоўваў доступ да Starlink падчас ваенных дзеянняў. А «ў нейкі момант ён адмовіў украінскім вайскоўцам у просьбе ўключыць Starlink у раёне Крыму, што паўплывала на стратэгію вядзення баявых дзеянняў».

Як адзначаецца, яшчэ 17 сакавіка галоўнакамандуючы Збройных сілаў Украіны Валерый Залужны падчас тэлефоннай размовы са старшынёй Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў генералам Маркам Мілі ўзняў тэму Starlink. Паводле яго, рашэнні Украіны на полі бою залежалі ад далейшага выкарыстання Starlink для сувязі. Ён хацеў забяспечыць доступ і абмеркаваць, як пакрыць кошт паслугі.

У чэрвені міністр абароны ЗША Лойд Остын ухваліў набыццё сотняў новых тэрміналаў і паслуг Starlink. Паводле двух амерыканскіх чыноўнікаў, знаёмых з угодай, вядзецца пра 400–500 такіх тэрміналаў Starlink.

Такія новыя прылады будуць выконваць ва Украіне «ключавыя функцыі і пэўныя місіі», якія Маск адключыць не зможа. Гэта дасць Пэнтагону кантроль над устаноўкай, дзе працуе сігнал на тэрыторыі Украіны, і дазваляе не баяцца яго перапынення з прычыны жаданняў Ілана Маска.

Пэнтагон пацвердзіў выданню кантракты са Starlink, але адмовіўся ўдавацца ў падрабязнасці.

Starlink часта зʼяўляецца адзінай магчымасцю атрымаць доступ да інтэрнэту ў зонах ваенных дзеянняў, аддаленых раёнах і месцах, што пацярпелі ад стыхійных бедстваў.

Цяпер ва Украіне больш як 42 тысячы тэрміналаў Starlink выкарыстоўваюць вайскоўцы, медыкі, прадпрыемствы і гуманітарныя арганізацыі.

У кастрычніку 2022 года кампанія SpaceX папрасіла Пэнтагон узяць на сябе фінансаванне ўрадавага і ваеннага выкарыстання Украінай спадарожнікавай сістэмы Starlink.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў