Блогерку Насту Пілюгіну і ейнага хлопца будуць судзіць за «непадпарадкаванне»


Блогерку і вядоўцу падкасту Dzigital, маркетолага і медыяменеджарку ў кампаніі «Eleven» Насту Пілюгіну затрымалі раніцай 29 ліпеня ў Менску. У яе дома правялі ператрус, пасля гэтага яна і ейны хлопец зніклі.

Наста Пілюгіна.
Фота: piliuhina / vk.com

Яны знайшліся ў спісах суду Партызанскага раёну Менску – фота раскладу судоў апублікаваў Telegram-канал «Списки задержанных».

Паводле раскладу, у 16.30 і 17.30 адпаведна будуць судзіць В. Піртаня і А. Пілюгіну – верагодна, Насту Пілюгіну і яе хлопца Ўладзіслава Піртаня. Суддзя – Міхаіл Макарэвіч, які ўжо выносіў больш за сотню палітычных выракаў, наштрафаваў на больш як 19 тысяч рублёў і наарыштоўваў на больш як 1300 дзён.

Артыкул – «Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню» (24.3 КаАП РБ). Паводле яго могуць аштрафаваць на суму ад 58 да 2900 рублёў або прысудзіць адміністратыўны арышт ці грамадскія працы.

У які момант яны «не падпарадкоўваліся», невядома – ці падчас затрымання, ці ў час ператрусу, ці ў нейкі іншы момант. Невядомая і прычына затрымання.

Артыкулы
Як мінімум мільён долараў – на такую суму беларусы сплацілі штрафы за пратэсты
2021.07.29 15:47

29 ліпеня каля 11:00 Наста выйшла з дому да машыны ў двары па ноўтбук і знікла, распавядаў Уладзіслаў Піртань. Тэлефон дзяўчыны быў выключаны, потым уключыўся, але званкі на яго скідваюцца. З дапамогаю праграмы «Лакатар» у iPad Насты хлопец пабачыў, што яна дзесьці на завулку Казлова, 6а, дзе месціцца Упраўленне КДБ у Менску.

Пасля 17-й гадзіны Наста патэлефанавала Ўладзіславу і сказала, што едзе дадому. Амаль адразу туды прыйшлі сілавікі з ператрусам, які адбываўся да вечара. Пасля гэтага Анастасію і ейнага хлопца зноў затрымалі.

Раніцай 30 ліпеня Telegram-канал Пілюгінай захапілі невядомыя, размясцілі там дзяржаўную сімволіку і заяву аб тым, што аўтарка каналу «памяняла свае палітычныя погляды».

АА belsat.eu

Стужка навінаў