Уладзімір Зяленскі: Беларусь – наступная пасля Украіны


Заяву аб тым, што Беларусь ёсць наступнай мэтаю Уладзіміра Пуціна для аднаўлення СССР, зрабіў Уладзімір Зяленскі падчас інтэрв’ю паўднёвакарэйскаму выданню Chosun.

Уладзімір Зяленскі на мяжы з Беларуссю ў Валынскай вобласці.
Фота: president.gov.ua

На пытанне карэспандэнта, што ёсць канчатковай мэтай Уладзіміра Пуціна, прэзідэнт Украіны адказаў, што гэта ўзнаўленне Савецкага Саюзу. «Гэта мэта ягонага жыцця», – падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.

Ён таксама адзначыў, што паколькі дамагчыся гэтага дыпламатычным шляхам не ўдалося, Пуцін выкарыстаў усе віды пагрозаў, у тым ліку шантаж энергарэсурсамі. «Пасля ён вырашыў стаць адкрытым агрэсарам (праз уварванне ва Украіну). Яны [расейцы] забіваюць і катуюць бясконцую колькасць мірных жыхароў і нават пагражаюць ядравай катастрофай, акупуючы атамныя электрастанцыі», – падкрэсліў Зяленскі.

На думку ўкраінскага лідара, Уладзімір Пуцін хоча толькі таго, каб «уварвацца ва Украіну з дапамогай вайны і знішчыць украінскую нацыю. Наступная мэта Пуціна – Беларусь».

Адносна тактычнай ядравай зброі, якую Расея перадае ў Беларусь, Уладзімір Зяленскі адзначыў, што «гэта нічога не значыць для Украіны цяпер». Украіна больш не баіцца пагрозаў і захадаў Расеі, звязаных з ядравай зброяй, таму што такія пагрозы зыходзілі ад Расеі ўжо шмат разоў.

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што перакідванне тактычнай ядравай зброі ў Беларусь таксама не больш як «палітычная хітрасць» для пагрозы Украіне і Еўропе. Палітычны шантаж з прымяненнем ядравай зброі – «амаль адзінае выйсце», якое засталося ў Крамля, на думку ўкраінскага лідара.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў