У Беларусі заблакавалі інтэрнэт-партал Dev.by


Інтэрнэт-рэсурс для айцішнікаў Dev.by заблакаваны ў Беларусі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Праблемы з доступам з’явіліся напрыканцы мінулага тыдня.

Скрыншот старонкі Dev.by

Паколькі рэдакцыя навінавага рэсурсу Dev.by не атрымлівала ніякіх афіцыйных прэтэнзіяў з боку ўладаў, заснавальнікі спадзяваліся, што гэта тэхнічная накладка. Аднак пасля выходных сайт так і не запрацаваў. Яшчэ ў пятніцу 26 траўня на інтэрнэт-старонцы з’явілася паведамленне: «Сайт devby.io можа быць недаступны ў некаторых правайдараў на тэрыторыі Беларусі. Цяпер мы спрабуем высветліць прычыну, будзем трымаць вас у курсе».

Спажыўцы навінаў ІТ-індустрыі бурна рэагуюць на чарговы акт цэнзуры, але пры гэтым пасміхаюцца з «кандовых спробаў» уладаў адгарадзіць «айцішнікаў» ад прафесійнай інфармацыі, адзначае БАЖ.

Нягледзячы на спробы Міністэрства інфармацыі абмежаваць дзейнасць папулярнага інтэрнэт-рэсурсу, у рэдакцыі Dev.by заявілі, што працягнуць працу ў звыклым рэжыме. За межамі Беларусі старонка Dev.by адчыняецца і абнаўляецца.

Dev.by – інтэрнэт-выданне пра беларускую ІТ-галіну. Платформа заснаваная ў 2008 годзе і асвятляе ўсе значныя падзеі, якія адбываюцца ў індустрыі, або могуць на яе паўплываць. Таксама яна збірае каталог беларускіх кампаній і водгукі пра іх, размяшчае вакансіі, вядзе каляндар падзей і статыстыку заробкаў; для кандыдатаў. Уладальнікі платформы – ІТ-прадпрымальнік Арцём Канцавы і кампанія VP Capital Віктара Пракапені.

Летам мінала года праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што супраць затрыманага дырэктара Dev.by Віталя Андроса завялі крымінальную справу.

Hавiны
Супраць дырэктара Dev.by распачалі крымінальную справу
2022.06.26 16:09

Фота вокладкі: Freepik

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў