Ад людзей, якія данацілі ў фонды, сталі патрабаваць назваць удзельнікаў пратэстаў


У Беларусі працягваюць выклікаць у КДБ грамадзян, якія пасля пратэстаў 2020 года адпраўлялі ахвяраванні ініцыятыве BYSOL, якая збірала сродкі для пацярпелых ад гвалту і рэпрэсій. Аднак цяпер сілавікі патрабуюць называць імёны людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, паведамляе «Наша Ніва».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Людзей выклікаюць у КДБ і просяць паказаць гісторыю плацяжоў у Facebook. Калі сярод іх ёсць данаты на палітычныя кампаніі, то чалавека пад пагрозай крымінальнага пераследу прымушаюць выплаціць дзесяціразовую суму ў бюджэт рэжыму.

Аднак цяпер падчас допыту да прапаноў аб выплатах дадалося патрабаванне назваць удзельнікаў пратэстных акцый з ліку знаёмых. Пра гэта выданню распавялі два чалавекі, якіх нядаўна выклікалі сілавікі.

«У мяне дапытвалі, хто з маіх знаёмых выходзіў на пратэсты. Маўляў, калі не скажу, будуць наступствы. Я назваў людзей, якія выехалі з Беларусі праз пераслед. Адпаведна, органам і так вядома пра іх удзел, а вяртацца яны не збіраюцца», – сказаў адзін з суразмоўцаў.

Гісторыю пацвердзіў яшчэ адзін чалавек, які адносна нядаўна быў на такім допыце. «Я “не змог” успомніць сваіх знаёмых. Сказаў, што толькі сам быў такі дурань, а цяпер шкадую», – сказаў ён.

Інфармацыя пра выклікі на размовы са спецслужбамі і прымушэнне пералічваць грошы ў «правільныя» фонды пачала з’яўляцца на пачатку гэтага года.

Разбор
Да «айцішнікаў» прыйшлі з-за данатаў BYSOL. Ці паскорыць гэта рэлакацыю?
2023.01.11 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў