У дзяржаўных садках дзетак прымушаюць вучыць гімн


Ідэалагічнае выхаванне дабралася да самых маленькіх беларусаў. Гэтак, у шэрагу дзяржаўных садкоў выхавальніцы загадалі бацькам вучыць з дзецьмі словы гімну. Пра сітуацыю мы пагутарылі з мамамі з некалькіх гарадоў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Малыя гуляюць у дзіцячым садку. Менск, Беларусь. 8 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Вольга, Гомель

«Нам сказалі, што з наступнага года дзеці будуць слухаць гімн у панядзелкі. Дыскусіі не было, проста напісалі. Ніхто не пытаў, хочам мы ці не хочам. Калі некаторыя з бацькоў абурыліся, выхавальніца напісала, што такі будзе парадак, і ўсё ўжо вырашана. Мне не падабаецца такая ідэя. Тут нават рэч не ў тым, што гімн складаны для разумення дзіцяці: там шмат словаў абстрактных, не зразумелых для такога ўзросту. Мне не падабаецца ў прынцыпе ідэя з гімнам у садках».

Караліна, Менск

«У нас такіх гісторыяў няма, я ў сына спецыяльна запытвала, ці даюць ім слухаць гімн. Ці ведае ён, што гэта такое – гімн. Ён не ведае, і спадзяюся, гэтага не адбудзецца!»

Станіслава, Горадня

«Нам не казалі пра гімн. Я чула ад сябровак, што ў іхных садках былі спробы ўвесці практыку не вучыць, а слухаць гімн. У панядзелкі, здаецца. Але бацькі так абурыліся, што рашэнне яшчэ да канца не прынятае».

Таццяна, Горадня

«Пакуль нічога не вядома. Калі ў бацькоўскім чаце выхавальніца напісала, што дзеці будуць слухаць дзяржаўны гімн, было шмат абурэння. Мы пачалі звяртацца ў розныя месцы, каб даведацца, чый гэта загад. Усе нас адпраўляюць адно да аднаго. На сёння пакуль гімн не слухаюць, але і мы не здаемся. Нам не падабаецца, бо дзеці і так адчуваюць ціск палітычны, куды ім яшчэ гімн гэты? Замбаванне з самага пачатку жыцця. Я супраць любых гімнаў у садках».

Кацярына, Менск

«У бацькоўскім чаціку даволі жорстка паведамілі, каб абавязкова вучылі гімн. Калі пачалі распытваць, што да чаго, адказ быў катэгарычны. Што там пачалося!.. Для мяне гэта прынцыповае пытанне. Тады пачаліся пагрозы кудысьці данесці на мяне. Не ведаю, што гэта значыла. Маўляў, калі мы ходзім у дзяржаўны садок пад дзяржаўным сцягам, то мы абавязаныя выконваць усе патрабаванні».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У беларускай сталіцы прайшло традыцыйнае шэсце з нагоды 77-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пасля чаго пачаліся святочныя гулянні гараджанаў. Менск, Беларусь. 9 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Кацярына, Менск

«Калі мы не захацелі вучыць у садку гімн, нам заявілі, што як гэта мы пойдзем у школу ў наступным годзе, а там у панядзелкі ўсе будуць спяваць гімн, а толькі наш сын будзе стаяць і маўчаць. Нібыта ён такім чынам пакажа, што не любіць радзіму. Інтанацыі былі зусім не ветлівыя. Мяне калаціла пасля гэтай размовы. Выхавальніцы самі не радыя, але кажуць, што будуць трываць, бо працы цяпер не знайсці».

Гэта не нармальна

Экспертка ў сферы адукацыі і філосафка Вольга Шпарага адзначыла, што ў гэтай сітуацыі не нармальна ўсё:

«Ідэя спяваць гімн у дзіцячым садку – гэта выхаванне патрыятызму, як яго разумее рэжым: як лаяльнасць рэжыму. Спяваць гімн прымушаюць і пры затрыманнях палітычных актывістак і актывістаў.

Тое, што меркаванне бацькоў не ўлічваецца, сведчыць аб стаўленні і да іх – дзеці разглядаюцца як рэсурс для рэжыму. Гэта не нармальна, вядома ж».

У апытанні ўзялі ўдзел 35 бацькоў з розных гарадоў Беларусі. Людзі пераважна кажуць, што толькі чулі пра гімны ад знаёмых, але ў іхных садках пакуль ні спеваў, ні праслухоўвання не практыкуецца. Імаверна, гімн у садках – гэта ініцыятыва асобных дзяржаўных установаў ці працаўнікоў сферы адукацыі.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў