Урад размеркаваў грошы на навукова-даследчыя работы. Больш за ўсіх атрымае ваенна-прамысловы камітэт


На Нацыянальным прававым партале апублікавалі пастанову ўрада аб размеркаванні грошай рэспубліканскага інавацыйнага фонду. Больш за ўсіх на навукова-даследчыя працы атрымае Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт: 20 млн 604 тысячы рублёў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Грошы рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду даюць на фінансаванне навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ. Пастановаю ўрада размеркаваныя сродкі на сёлета.

Больш за ўсё грошай, 20 млн 604 тысячы рублёў, атрымае Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт. На 1 млн 220 тысячаў меней – Акадэмія навук. 17 млн 548 тысячаў выдаткавалі міністэрству прамысловасці.

Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце атрымае на інавацыі 9 млн рублёў, а міністэрства аховы здароўя – 5 млн 746 тысячаў. Мінабароны дадуць 2 млн 800 тысячаў, міністэрству ўнутраных справаў – 428 тысячаў рублёў.

Менш за ўсё выдаткавана міністэрству спорту і турызму (335 тысячаў) і міністэрству лясной гаспадаркі (277 тысячаў рублёў).

Летась самыя вялікія сумы з інавацыйнага фонду атрымала Акадэмія навук (37 млн 238 тысячаў рублёў) і міністэрства прамысловасці (26 млн 757 тысячаў). Ваенна-прамысловаму камітэту тады далі 14 млн 160 тысячаў. А, напрыклад, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце летась атрымаў на 7 млн 150 тысячаў меней, чымся сёлета.

У 2022 годзе грошы з фонду выдаткоўвалі таксама міністэрству адукацыі, міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы асяроддзя, памежнаму камітэту і камітэту стандартызацыі. Сёлета ім на інавацыі нічога не далі.

Hавiны
Лукашэнка не хоча фінансаваць тэатраў, бо ў 2020-м артысты выступілі супраць яго
2023.02.14 15:22

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў