«Рассельгаснагляд» сур’ёзна занепакоены якасцю беларускіх харчоў, што паступаюць у Расею, заявілі ў ведамстве.
У красавіку падчас лабараторнага маніторынгу жывёлагадоўчай прадукцыі беларускай вытворчасці, якая паступіла ў Расею, выяўлена 45 неадпаведнасцяў ветэрынарна-санітарным патрабаванням ЕАЭС. Гэты паказнік амаль утрая большы за колькасць парушэнняў у студзені – сакавіку.
Парушэнні патрабаванняў бяспекі (мікрабіялогія, лекавыя сродкі, кокцыдыёстатыкі) выявілі ў малочнай, птушкагадоўчай прадукцыі і ялавічыне.
Таксама выяўленыя не заяўленыя вытворцам на этыкетцы сыравінныя кампаненты. Гэтак, у замарожаных жылаваных ялавічных блоках знайшлася ДНК свінні.
У сувязі з гэтым «Рассельгаснагляд» просіць Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі ўзмацніць кантроль выканання патрабаванняў ЕАЭС пры экспарце прадукцыі ў Расею.
Нагадаем, што Гарадзенскі і Віцебскі аблвыканкамы дазволілі вывозіць харчы за мяжу без абмежаванняў.
ПС belsat.eu