Затрыманне Аляксея Маскалёва пацвердзілі ў МУС Беларусі


МУС Беларусі пацвердзіла, што асуджаны ў Расеі паводле справы аб дыскрэдытацыі войска Аляксей Маскалёў сапраўды затрыманы ў Беларусі на запыт расейскай паліцыі. Пра гэта паведамляе РБК.

Аляксея Маскалёва суправаджаюць з залы суда ў Яфрэмаве, Тульская вобласць, Расея. 27 сакавіка 2023 года.
Фота: AP / East News

30 сакавіка стала вядома, што ў адказ на запыт РБК у прэсавай службе МУС Беларусі пацвердзілі, што жыхар Тульскай вобласці Аляксей Маскалёў, асуджаны ў Расеі паводле справы аб дыскрэдытацыі войска, затрыманы супрацоўнікамі міліцыі на запыт расейскай паліцыі.

Як паведамляў «Белсат», Маскалёва затрымалі ў Менску пасля вынясення прысуду за «дыскрэдытацыю» расейскай арміі праз антываенны малюнак ягонай дачкі Машы.

Вядома, што 53-гадовага Аляксея Маскалёва затрымалі ў кватэры ў Менску. Перад тым мужчына збег з-пад хатняга арышту ў Расеі. Месца перабывання Маскалёва, відаць, вызначылі праз сігнал ягонага мабільнага тэлефона, які ён уключыў у кватэры.

Аляксей адзін выхоўвае дачку Марыю. Яна намалявала антываенны малюнак. І з гэтай прычыны ў аўторак 28 сакавіка суд у Тульскай вобласці прысудзіў бацьку шасцікласніцы два гады калоніі агульнага рэжыму паводле крымінальнай справы аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі. Такі ж тэрмін запатрабаваў пракурор. Маскалёў на судзе не прысутнічаў, падчас паседжання стала вядома, што мужчына ўцёк з-пад хатняга арышту раніцай таго ж дня.

Паводле пастановы суда, дачку Маскалёва Марыю перадалі на апеку сацыяльных службаў.

Справа супраць Аляксея Маскалёва была заведзеная пасля таго, як ягоная дачка намалявала антываенны плакат з выяваю жанчыны з дзіцём, сцягамі Украіны і Расеі і ракетамі, што ляцяць ва ўкраінскі бок. Настаўніца Марыі расказала пра плакат дырэктарцы школы, тая звярнулася ў паліцыю. У кватэры Маскалёвых адбыўся ператрус.

Пасля гэтага Маскалёва аштрафавалі на 32 тысячы расейскіх рублёў за «публічныя дзеянні, скіраваныя на дыскрэдытацыю УС РФ». У снежні супраць яго распачалі крымінальную справу аб дыскрэдытацыі расейскага войска, у сакавіку ён быў затрыманы.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў