З 1 лютага 2024 года ў Беларусі павялічацца пенсіі


З 1 лютага 2024 года ў Беларусі павялічацца працоўныя пенсіі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе ягоная прэс-служба.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Указ «Аб падвышэнні пенсіяў» падпісаны 29 снежня. Згодна з дакументам, прадугледжваецца пераразлік працоўных пенсіяў і іх падвышэнне ў сярэднім на 10 %.

Як паведамляецца, на выплату пенсіяў у лютым наступнага году будзе накіравана 1,8 мільярда рублёў. З іх 166 мільёнаў – гэта дадатковыя расходы ў сувязі з падвышэннем згодна з указам.

Нагадаем, што пенсіі ў нашай краіне падвышаліся ў траўні і верасні – кожны раз у сярэднім на 5 %. Згодна з планамі беларускага ўраду, да канца года павінна было адбыцца яшчэ адно падвышэнне, але яно было адмененае. Відавочна, улады вырашылі прымеркаваць гэтую падзею да электаральнай кампаніі: 25 лютага ў Беларусі пройдзе адзіны дзень галасавання, падчас якога будуць абірацца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.

Паводле заяваў беларускіх уладаў, у 2024 годзе плануецца падвысіць пенсіі на 15 %.

Пры гэтым памер рэальных пенсіяў у Беларусі працягвае зніжацца. Так, у лістападзе ён знізіўся на 0,7 % у параўнанні з кастрычнікам (быў роўны 693 рублі, што на 40 капеек менш, чым у кастрычніку). Раслі пенсійныя выплаты сёлета толькі ў траўні, жніўні і верасні. У астатнія месяцы – падалі. Найбольш – на 1,2% – у лютым.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў