Якія наступствы будзе мець падзенне ракеты на тэрыторыю Беларусі?


Здарэнне каля вёскі Гарбаха Іванаўскага раёну наўрад ці можа быць выкарыстана рэжымам Аляксандра Лукашэнкі як casus belli, але адным з элементаў антыўкраінскай прапаганды ў Беларусі напэўна стане.

Фота: Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн»

Што адбылося

Раніцай 29 снежня было зафіксавана падзенне ракеты зенітна-ракетнага комплексу С-300 у полі недалёка ад вёскі Гарбаха Іванаўскага раёну Берасцейскай вобласці. Здарэнне адбылося ў разгар масіраванага ракетнага абстрэлу тэрыторыі Украіны, у тым ліку заходніх рэгіёнаў. Раней Расея не раз выкарыстоўвала беларускую тэрыторыю і паветраную прастору для атакаў на Украіну, але 29 снежня такіх фактаў зафіксавана не было.

Спачатку інфармацыя пра здарэнне ў Іванаўскім раёне з’явілася ў беларускіх пабліках і незалежных медыях. Неўзабаве гэтыя звесткі пацвердзілі ўлады: паведамлялася, што гэта была ўкраінская ракета і падзенне адбылося паміж 10:00 і 11:00. Аб сітуацыі быў праінфармаваны Аляксандр Лукашэнка, супрацоўнікі Следчага камітэту і Міністэрства абароны пачалі высветляць прычыны падзення ракеты. Адзначалася, што пакуль разглядаюцца дзве асноўныя версіі здарэння: 1) залёт ракеты на тэрыторыю краіны, аналагічны нядаўняму інцыдэнту ў Польшчы. 2) ракета была збітая ў выніку працы сістэм СПА Беларусі.

У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў.

Прапаганда асцярожнічае

Першая афіцыйная інфармацыя наконт здарэння каля вёскі Гарбаха складзена даволі недарэчна. Насамрэч версія №1 і 2 не супярэчаць адна адному: каб ракета магла быць збіта сістэмай СПА Беларусі, яна ў любым выпадку мусіла заляцець на тэрыторыю краіны. Акрамя таго, дзіўна, што праз некалькі гадзінаў пасля падзення ракеты (афіцыйнае паведамленне БелТА з’явілася ў 14:17) улады яшчэ не ведалі, ці спрацавала СПА Беларусі. Хаця інфармацыя на гэта конт мусіла з’явіцца ў кіраўніцтва краіны адразу.

Яшчэ праз паўтары гадзіны, у 15:42, Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што ўкраінскую ракету С-300 збілі менавіта сілы СПА. Сцвярджалася, што гэта адбылося каля 10 гадзінаў, а абломкі ракеты знойдзены на сельскагаспадарчым полі.

Зенітны ракетны комплекс «Панцыр-С1» падчас сумесных вучэнняў супрацьпаветранай абароны.
Фота: Rogulin Dmitry / TASS / Forum

Таксама з’явіўся каментар вайсковага камісару Берасцейскай вобласці Алега Канавалава, які падкрэсліў, што сітуацыя падобная на падзенне аналагічнай украінскай ракеты на тэрыторыю Польшчы. «Хвалявацца жыхарам абсалютна не трэба. Такія выпадкі, на жаль, здараюцца», – дадаў ён.

Пазней тэлеканал «Беларусь 1» паказаў мапу, дзе ў якасці месца запуску ракеты быў пазначаны пасёлак Забалоцця Валынскай вобласці.

У цэлым першыя афіцыйныя рэакцыі беларускага боку сведчаць пра тое, што гэтае здарэнне, імаверна, стала для ўладаў нечаканасцю і яны самі да канца не вызначыліся, як рэагаваць. Прынамсі прапагандысты агульную «метадычку» атрымаць яшчэ не паспелі. Напрыклад, канал «Невольфович» назваў падзенне ракеты «ўкраінскай правакацыяй», а прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі зрабіў з гэтага выснову, што Украіна з’яўляецца пагрозай для бяспекі Беларусі і мусіць пацярпець паразу ў вайне. Але тэлеграм-канал «Белорусский силовик» асцярожна заўважыў, што «украінская С-300 паляцела зусім не ў тым напрамку з-за сур’ёзнай няспраўнасці».

Якія могуць быць наступствы

Пакуль няма ніякіх падставаў казаць пра тое, што ўлады скарыстаюцца інцыдэнтам у Іванаўскім раёне як нагодай для ўступлення ў вайну. На момант напісання гэтага тэксту ніводны афіцыйны каментар не змяшчаў у сабе нават намёка на тое, што падзенне ракеты можа быць расцэнена як наўмысны акт агрэсіі. А заявы вайсковага камісара Алега Канавалава сведчыць пра тое, што ўлады імкнуцца хутчэй супакоіць насельніцтва, чым напалохаць вонкавай пагрозай.

Першая батарэя зенітных ракетных комплексаў «Тор-М2» у Баранавічах.
Фота: Tolochko Viktor / TASS / Forum

Нават калі ўявіць, што рэжым Лукашэнкі сапраўды паступова рыхтуецца да ўступлення ў вайну, то цяперашняе здарэнне выглядае відавочна заўчасным: прыкметаў фармавання наступальнай групоўкі ў Беларусі цяпер няма, а расейскіх сілаў на беларускай тэрыторыі пакуль недастаткова для буйной аперацыі.

Цікава, што раней Лукашэнка не баяўся нават выдумваць ракетныя абстрэлы з боку Украіны. У сакавіку ён заявіў журналістам, што Украіна нібыта двойчы запускала ракеты «Точка-У» па тэрыторыі Беларусі.

«Літаральна два дні таму назад ноччу пуск чарговы на тэрыторыю нашай Беларусі – удар па нашай тэрыторыі – ракетай «Точка-У», якую мы паспяхова з расейцамі перахапілі і знішчылі над Прыпяццю. Недзе там ля рэчкі валяецца. Каму цікава, хто бліжэй, схадзіце, паглядзіце. Гэта не закрыта. Гэта не фэйк – тое, што я вам кажу. Проста мы аб гэтым не казалі», – распавядаў тады Лукашэнка.

Тая выдумка не мела ніякіх наступстваў і пра яе вельмі хутка ўсе забыліся. З пункту гледжання прапаганды, паміж цалкам выдуманым абстрэлам ракетамі «Точка-У» і рэальным падзеннем ракеты С-300 у чыстым поле няма ніякай розніцы. У абодвух выпадках ніхто не пацярпеў, таму пры жаданні ў любы момант пра гэта можна забыцца.

Здарэнне ля вёскі Гарбах выглядае проста занадта дробным для паўнавартаснага casus belli. Каб пераканаць беларускіх жаўнераў, што яны мусяць пайсці паміраць ва Украіну, спатрэбіцца нешта большае. Але як адзін з элементаў антыўкраінскай прапаганды гэты эпізод, імаверна, будзе ў далейшым актыўна выкарыстоўвацца – у адным шэрагу з рэальнымі і выдуманымі здарэннямі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў