Беларусь прыпыніла ўдзел у Еўрапейскай культурнай канвенцыі


На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале з’явілася пастанова, якой прыпыняецца ўдзел Беларусі ў Еўрапейскай культурнай канвенцыі.

Штаб-кватэра Рады Еўропы ў Страсбуры.
Фота: coe.int

Пастанову № 822 ад 28 лістапада 2023 года падпісаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

У дакуменце адзначаецца, што такое рашэнне прынятае Саветам Міністраў краіны на падставе артыкулу 44 Закону Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года «Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь».

У самой пастанове адзначаецца неабходнасць «прыпыніць дзеянне Еўрапейскай культурнай канвенцыі, прынятай Радай Еўропы ў горадзе Парыжы 19 снежня 1954 года».

Пастанова ўступіла ў сілу з дня яе прыняцця: 28 лістапада 2023 года.

Задача Еўрапейскай культурнай канвенцыі – развіваць паразуменне паміж народамі Еўропы і ўзаемную павагу іх культурнай разнастайнасці, захоўваць еўрапейскую культуру, спрыяць нацыянальным укладам у агульную культурную спадчыну Еўропы пры павазе да агульных асноўных каштоўнасцяў, а таксама заахвочваць да вывучэння моваў, гісторыі і цывілізацыі краінаў, якія падпісалі гэтую канвенцыю.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў