Шляхамі Каліноўскага і паўстанцаў: вандруем па беларускіх месцах Вільні


22 лістапада будзе тры гады, як у Вільні пахавалі знойдзеныя на гары Гедзіміна парэшткі Кастуся Каліноўскага, кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года, і паўстанцаў. Але гэта не адзінае, што неразрыўна звязвае старажытную сталіцу ВКЛ з беларускай гісторыяй і культурай.

Замкавая гара з вежай Гедзіміна. Месца, дзе знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Вільня – горад першай беларускай кнігі, першай беларускай школы, першай беларускай газеты, першай беларускай палітычнай партыі. Тут на кожным кроку можна знайсці знакі прысутнасці выдатных беларусаў: дзеячаў нацыянальнага адраджэння, навукоўцаў, пісьменнікаў, святароў, журналістаў, мастакоў. Прапаноўваем вам пераканацца ў гэтым, выправіўшыся разам з намі ў вандроўку па беларускіх месцах Вільні. Першы наш маршрут – шляхамі Кастуся і паўстанцаў.

Дом, дзе Кастуся Каліноўскага арыштавалі царскія жандары (Pilies, 19)

Напрыканцы лета 1863 года паўстанне стала згасаць, шмат каго з кіраўнікоў затрымалі, забілі, нехта ўцёк за мяжу. Расейскія ўлады зацята шукалі галоўнага лідара – Кастуся Каліноўскага. Ён адмовіўся эміграваць і з надзеяй на новую хвалю паўстання застаўся на радзіме. З кастрычніка 1863-га Кастусь хаваўся ў Вільні: ён жыў пад імем Ігнат Вітажэнец у гімназічным доме на тагачаснай вуліцы Замкавай, побач з касцёлам Святога Яна, у кватэры № 16, якая належала чыноўніку віленскай казённай палаты Канстанціну Жаброўскаму. Каліноўскі часта мяняў псеўданімы, аднойчы цэлую ноч хаваўся ад паліцэйскай аблавы на даху будынку, але высокі ўзровень канспірацыі не ўратаваў яго ад здрады. Псеўданім і прыкладнае месца жыхарства Кастуся выдаў царскім жандарам сябра менскай паўстанцкай арганізацыі Вітольд Парфіяновіч. Каліноўскага арыштавалі ўначы на 29 студзеня 1864 года. Дзеля гэтага ўвесь квартал ачапілі дзве роты салдатаў.

Будынак каля касцёлу Святога Яна, дзе Каліноўскі жыў перад арыштам.
Фота: Белсат

Вязніца Кастуся Каліноўскага, дзе ён правёў апошнія дні жыцця (Šv. Ignoto, 11)

Пасля затрымання Кастуся кінулі ў вязніцу непадалёк касцёлу Святога Духа на вуліцы Святога Ігната, 11, дзе трымалі большасць арыштаваных паўстанцаў 1863 года (напрыклад, Якуба Гейштара, Францішка і Тытуса Далеўскіх ды іншых). Цяперашні будынак касцёлу Святога Духа – ужо пяты на гэтым месцы. Яго пабудаваў у 1408 годзе князь Вітаўт. Пасля вайны 1812 года расейскія ўлады перарабілі частку кляштару ў вязніцу, дзе ўтрымлівалі філарэтаў (1822–1823), удзельнікаў і лідараў паўстанняў 1830–1831 гадоў і 1863 года.

У турме Каліноўскаму далі стос паперы і пяро з атрамантам, каб ён даў паказанні. Менавіта на гэтых аркушах былі напісаныя разважанні аб тым, якой ён хацеў бы бачыць радзіму, з’явіліся на свет легендарныя «Лісты з-пад шыбеніцы», падпісаныя «Яськам, гаспадаром з-пад Вільні». Кастусь прызнаўся следчым, што ён сапраўды «канавод паўстання на Літве», аднак адмовіўся даваць паказанні супраць іншых. Гэтым ён згаджаўся на верную смерць. Неўзабаве Каліноўскаму быў вынесены вырак: смяротнае пакаранне праз расстрэл. Аднак на асабісты загад Мураўёва расстрэл быў заменены на павешанне: генерал-губернатар напісаў гэта алоўкам паверх расстрэльнага прысуду.

Былая вязніца Кастуся Каліноўскага, дзе ён правяў апошнія дні жыцця, і мемарыяльная дошка ў ягоны гонар.
Фота: Белсат

Лукішская плошча: месца смерці Каліноўскага і паўстанцаў

Паўстанцаў каралі цягам 1863–1864 гадоў. Забівалі іх на Лукішскай плошчы, дзе 22 сакавіка 1864 года ў 10:30 павесілі і Кастуся Каліноўскага. Нават стоячы на эшафоце, ён выказваў дзёрзкасць і прынцыповасць. Пляц быў перапоўнены віленчукамі. Калі зачытвалі прысуд і назвалі Каліноўскага «дваранінам», ён перабіў царскага службоўцу і выгукнуў: «У нас няма дваранаў, усе роўныя!» Вось што піша пра смерць Кастуся Каліноўскага беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч: «…Калі яго вялі на пакаранне, ён, як і ўсе «чырвоныя», трымаў кулак левай рукі на тым месцы, дзе білася сэрца. Стары ўмоўны знак змоўнікаў: «Люблю Беларусь!» Грымелі барабаны. І пад гэты пошчак была зроблена адна з самых чорных спраў, якія ведала беларуская гісторыя».

На меркаваным месцы пакарання, амаль пад самым касцёлам Святых Якуба і Піліпа, стаіць памятны крыж і паваенная мемарыяльная пліта ў гонар герояў – Каліноўскага і ягонага паплечніка Зыгмунта Серакоўскага (родам з Валыні, Украіна), кіраўніка паўстання ў Жамойці, павешанага тут яшчэ 27 чэрвеня 1863 года. Таксама ўдзячныя літоўцы ўсталявалі памятны драўляны крыж з надпісам «Змагарам за свабоду Літвы».

Замкавая гара Гедзіміна: магіла паўстанцаў

Доўгі час меркавалася, што пасля павешання целы Каліноўскага і паўстанцаў таемна закапалі, засыпаўшы вапнаю, на гары Гедзіміна, дзе тады стаяў расейскі вайсковы гарнізон. Доказаў гэтага не было. Толькі ў 2016 годзе, пасля апоўзняў, на гары Гедзіміна пачалі працаваць археолагі. Яны выявілі пахавальную яму з парэшткамі 20 паўстанцаў, сярод якіх быў і Кастусь Каліноўскі.

Могілкі Росы. Пахаванне Францішка Аляхновіча.
Фота: Белсат

Могілкі Росы: капліца з трунамі паўстанцаў

Могілкі Росы – адзін з найстаражытнейшых некропаляў Вільні. Тут апошні прыстанак знайшлі сотні вядомых знакавых дзеячаў, у тым ліку і беларусаў. 22 лістапада 2019 года ў могілкавай капліцы пахавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

На Росах можна знайсці і іншыя надмагіллі паўстанцаў і ўдзельнікаў антырасейскага супраціву. Напрыклад, тут пахаваны паэт, удзельнік антыцарскай маніфестацыі 1861 года і сябра многіх паўстанцаў Уладзіслаў Сыракомля. Тут можна знайсці магілу ўдзельніцы паўстання 1863–1864 гадоў Людвікі Ямант, сястры Марыі Ямант – нарачонай Кастуся Каліноўскага, той самай «чарнабровай Марыські» з «Лістоў з-пад шыбеніцы». Людвіка ўваходзіла ў нелегальны жаночы камітэт у Вільні, які дапамагаў з распаўсюдам літаратуры, зборам правіянту і зброі. У кватэры Ямантаў была канспірацыйная яўка Каліноўскага. У 1911 годзе на Росах пахавалі апошняга прадстаўніка паўстанцкага ўраду ў Літве і Беларусі, 81-гадовага былога паўстанцкага начальніка Вільні Аляксандра Аскерку. Нягледзячы на паліцэйскі кардон, развітанне з ім ператварылася ў сапраўдную патрыятычную маніфестацыю.

Дом паэта Уладзіслава Сыракомлі (Barboros Radvilaitės, 3)

Беларускі і польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля (1823–1862) паходзіў з Бабруйшчыны, ягоныя бацькі былі беззямельнай шляхтай. Жыў у Нясвіжы, Наваградку, пад Вільняй, у 1852 годзе канчаткова пераехаў у Вільню, дзе і пражыў да самай смерці. У ягонай кватэры разам з маладымі людзьмі розных поглядаў часта бываў Кастусь Каліноўскі. У верасні 1862 года больш за 10 тысячаў чалавек, у тым ліку шмат якія будучыя паўстанцы, праводзілі паэта ў апошні шлях на могілкі Росы. Дом, дзе жыў Сыракомля, захаваў нязменны выгляд з першай паловы ХІХ стагоддзя.

Могілкі Росы. Капліца з трунамі паўстанцаў.
Фота: Белсат

«Дом пад балванамі» (Pylimo, 26 / Trakų, 1)

Гэты дом са статуямі атлантаў XV стагоддзя належаў графам Тышкевічам. Яўстах Тышкевіч – беларускі археолаг, гісторык, этнограф, краязнаўца, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі. Ён захоўваў у доме частку сваіх археалагічных збораў, якія сталі асноваю для першага беларускага музею. У 1863 годзе ў гэтым доме, які ў народзе называлі «домам пад балванамі», збіраліся паўстанцы Каліноўскага. Але будынак адметны не толькі гэтым. Тут жа быў і акруговы суд, дзе з 1884 да 1898 года працаваў адвакатам «бацька беларускай літаратуры» Францішак Багушэвіч. З траўня 1907-га да вясны 1908 года ў будынку месцілася рэдакцыя «Нашай Нівы», менавіта сюды ў рэдакцыю ўпершыню завітаў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас).

Дом гісторыка Нарбута (Pilies, 9)

Гісторык, археолаг, інжынер і архітэктар, аўтар 9-тамовай «Гісторыі літоўскага народу» і праекту будаўніцтва Бабруйскай фартэцыі Тэадор Нарбут (1784–1864) большую частку свайго віленскага жыцця правёў у доме № 9 на вуліцы Замкавай. Сям’я Нарбутаў падтрымала паўстанне 1863–1864 гадоў і брала ў ім непасрэдны ўдзел, праз што Тэадор трапіў за краты.

Мемарыяльная дошка ў гонар гісторыка, археолага і архітэктара Т. Нарбута вісіць у галерэі Вялікага двара Віленскага ўніверсітэту.
Фота: Белсат

Дом Ромераў (Bokšto, 10)

Яшчэ адзін наш слынны зямляк, які падтрымаў паўстанне Каліноўскага, – мастак Альфрэд Ромер (1832–1897). Ён жыў у будынку XVІ стагоддзя на вуліцы Бакшта, які належаў ягонаму роду. У 1852 годзе Альфрэд разам з бацькам, таксама мастаком, заснаваў тут найстарэйшую ў Вільні мастацкую майстэрню – «Акадэмію Ромераў». У будынку таксама дзеяла знакамітая масонская ложа «Руплівы ліцвін». Пасля здушэння паўстання Альфрэда схапілі. Па вызваленні ён жыў у маёнтку Каралінава на Пастаўшчыне. 28 карцінаў і 12 медальёнаў ягонай работы захоўваюцца ў Літоўскім мастацкім музеі, а вось у беларускіх музеях мы не пабачым ніводнага твору гэтага мастака.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў