ЗША вымусілі закрыць офіс USAID у Менску


Таксама беларускія ўлады вымушаюць звольніць больш за 20 беларускіх супрацоўнікаў амерыканскіх прадстаўніцтваў.

Джулі Фішэр. Julie D. Fisher.
Фота: US mission to NATO

Спецыяльная пасланніца Злучаных Штатаў у Беларусі Джулі Фішэр апублікавала заяву аб абмежаванні беларускімі ўладамі праграмаў ЗША ў міжнародным развіцці і праграмаў Аддзелу сувязяў з грамадскасцю.

Паводле Фішэр, 20 кастрычніка 2021 года беларускія ўлады праінфармавалі ЗША аб новых захадах, скіраваных на перашкоды функцыянаванню Амбасады ЗША ў Менску: прымусілі закрыць Аддзел сувязяў з грамадскасцю, Агенцтва міжнароднага развіцця і Амерыканскі цэнтр у Менску, а таксама звольніць больш за два дзясяткі супрацоўнікаў.

«Гэтыя дзеянні паказваюць глыбокую няўпэўненасць беларускіх уладаў у галіне дыпламатыі, міжнародных стасункаў і незалежнай грамадзянскай супольнасці, – піша Фішэр. – Злучаныя Штаты не будуць адмаўляцца ад сваіх абавязальніцтваў, каб спрыяць развіццю дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі і падтрымліваць памкненне беларускага народу будаваць больш перспектыўную будучыню ў свабоднай і незалежнай Беларусі».

Інтэрв’ю
Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр: Захад павінен адказаць мовай, якую Лукашэнка здольны зразумець
2021.05.30 22:30

Дыпламатка нагадвае, што дапамога ўраду ЗША беларусам з 1990-х гадоў была скіраваная на падтрымку і развіццё прадпрымальніцтва, стварэнне высокааплатных працоўных месцаў, падвышэнне ўзроўню жыцця, а ў апошні час – і на барацьбу з пандэміяй COVID-19, «калі беларускія ўлады грэбліва ставіліся да пандэміі і яе ўплыву на здароўе і дабрабыт беларускага народу».

Таксама ўрад ЗША аказваў дапамогу сем’ям, якія жылі ў раёнах, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы, спрыяў праграмам прафілактыкі і лекавання туберкулёзу, дапамагаў дзясяткам тысяч сіротаў і людзям з сацыяльна неабароненых пластоў насельніцтва.

Hавiны
З Беларусі зноў вымушана з’ехалі дыпламаты з ЗША
2021.08.31 17:45

11 жніўня ў адказ на ўвядзенне санкцыяў улады Беларусі адклікалі сваю згоду на прызначэнне Джулі Фішэр амбасадаркай ЗША ў Менску.

31 жніўня Беларусь пакінулі яшчэ шэсць супрацоўнікаў амбасады Злучаных Штатаў у Менску. Гэта звязана з рашэннем беларускіх уладаў аб абмежаванні ўзаемадзеяння.

АА belsat.eu

Стужка навінаў