Суарганізатар фестывалю «Pradmova»: Можна ганарыцца, што тваіх аўтараў чытаюць ува ўсім свеце


Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» сёлета распачынае сваю вандроўку з Батумі і наведае чатыры гарады ў трох краінах: Грузіі (Батумі), Літве (Вільня) і Польшчы (Беласток, Варшава). Суарганізатар фестывалю Павел Баркоўскі лічыць, што неабходна рабіць усё магчымае для захавання сувязі з дыяспарамі, а асабліва з такімі далёкімі, як у Грузіі, бо там беларусам значна складаней існаваць з прычыны вялікай адлегласці ад астатніх дыяспараў.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Мы перадусім чакаем, што прыйдуць беларусы, якія жывуць у гэтых дыяспарах, вялікіх дыяспарах, якія ўтварыліся пасля 2020 года ў суседніх краінах. Але таксама мы чакаем і беларусаў, якія знаходзяцца на радзіме. Яны маюць магчымасць далучацца да нашых імпрэзаў праз стрымы, якія мы будзем рабіць з фестывалю, а таксама праз онлайн-пляцоўку, на якой адбудзецца свая вельмі цікавая праграма з удзелам у тым ліку і замежных гасцей».

Павел Баркоўскі падкрэслівае, што фестываль крыху адышоў ад першапачатковай місіі вучыць беларусаў новай кнізе, якая развівае грамадства. Цяпер арганізатары маюць на мэце не падзяляць беларусаў на дзве культуры ці дзве краіны, бо беларусы застаюцца адзінай нацыяй, а гуртаваць іх вакол нацыянальнай ідэі.

«Таму і нашая праграма атрымала некаторыя змены. Там не толькі кнігі, якія вучаць думаць, там яшчэ і імпрэзы, цікавыя перадусім мясцовым супольнасцям, якія створаныя на іхную замову. […] Мы змагаліся, каб гэта быў дыялог. Дыялог беларусаў з іхнымі ўлюбёнымі аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі і таксама дыялог з замежнымі культурамі, бо мы ўжо другі год запар спрабуем далучаць да беларускіх фарматаў імпрэзаў замежных удзельнікаў з тых краінаў, у якіх мы – беларусы – цяпер жывем, каб, па-першае, лепш даведацца пра чужую культуру, а таксама каб яны лепш даведваліся пра нас».

«Прадмова» у Варшаве
Беларуская ілюстратарка Кацярына Пікірэня выступае на адкрыцці фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: «Белсат»

Паводле Баркоўскага, праца для папулярызацыі беларускай культуры вядзецца і ў іншых кірунках: ствараюцца праграмы перакладу з замежных моваў на беларускую і наадварот, а таксама арганізоўваюцца супольныя падзеі (фестывалі, сустрэчы, чытанні, канцэрты) для абмену культурніцкімі каштоўнасцямі. Суарганізатар фестывалю ўпэўнены, што праз вымушаную эміграцыю беларусы зрабіліся больш адкрытымі да свету і да сваіх уласных набыткаў:

«Сёння мы ўжо разумеем, што беларуская культура можа ствараць культурныя прадукты сусветнага ўзроўню, якімі можна ганарыцца, можна ганарыцца, што ты – беларус, што тваіх аўтараў чытаюць ува ўсім свеце і што нам таксама ёсць што прад’явіць, а не толькі спажываць чужыя культурныя прадукты».

Таксама Павел Баркоўскі падкрэслівае, што кожны ахвочы на фестывалі, акрамя атрымання асалоды ад камунікацыі з беларукімі аўтарамі, зможа набыць і новую кнігу.

Здымак вокладкі: «Белсат»

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў